60 тысяч юных мінчан адправяцца на адпачынак у аздараўленчыя лагеры

6 июня 2015

Пры гэтым ва ўсіх аздараўленчых лагерах распрацаваныя спецыяльныя адукацыйныя праграмы - для юных фізікаў, лінгвістаў ці спартсменаў. Як правесці канікулы з карысцю - даведалася Надзея Сербіненка.

Вывучаць фізіку паглыблена - з акцэнтам на практыку - вучні 49 сталічнай школы могуць у дзённым лагеры.

На занятках для юных фізікаў дзевяцікласнікі паўтараюць школьную праграму. Тэмы гытэх заняткаў - цеплавыя і электрычныя з’явы.

Электраметр, тэлурый і электрафорная машына. З гэтымі прыборамі дзевяцікласніца Анастасія Курылёнак не развітваецца нават на канікулах.

У 49 сталічнай школе з пачатку лета працуе дзённы аздараўленчы лагер. З васьмі раніцы да шасці вечара школьнікі тут вучацца, адпачываюць, займаюцца спортам. Каб на ўсё хапала сіл, добра харчуюцца.

Лагер з кругласутачным знаходжаннем - добрая альтэрнатыва для занятых бацькоў. У адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Лідар" падтрымліваюць кампанію "Лета на карысць". За 20 дзён змены дзеці тут прыкметна паляпшаюць сваю фізічную форму і атрымліваюць новыя веды па інфарматыцы, гісторыі і літаратуры.

Правесці лета з карысцю толькі ў Мінску вырашылі 60 тысяч юных мінчан. Большая частка адпачне ў загарадных кругласутачных лагерах, астатнія - у дзённых, пры школе.