8 февраля 2018

Сёння свой першы юбілей адзначаюць нашы калегі - супрацоўнікі тэлеканала "Беларусь 3", які пачаў сваё вяшчанне 8 лютага 2013 і заняў сацыякультурную нішу нацыянальнага тэлебачання. З кожным сезонам "Беларусь 3" удасканальваецца, змяняючы не толькі графічнае афармленне, але і кантэнт. Летась была цалкам абноўлена сетка вяшчання тэлеканала, якая зараз створаная па бясшвовым лінейным прынцыпе. У эфіры тэлеканала ёсць і праекты Агенцтва тэленавін. Падрабязней - Вольга Мядзведзь.

Калі яны толькі пачыналі, значную частку кантэнту тэлеканала адвялі ўнікальным відэаматэрыялам розных часоў - фондам Белтэлерадыёкампаніі. Яны ёсць і сёння, але "Беларусь 3" і сам стварае архіў на будучыню, здымаючы тэлеверсіі канцэртаў, фестываляў, конкурсаў, форумаў і іншых культурных падзей. Дадалі ў праграму і "Калыханку". Адзін з самых рэйтынгавых праектаў трэцяй кнопкі.

Ідэя стварэння такога канала ў культурных колах лунала даўно. Аднак пяць сезонаў таму "Беларусь 3" быў створаны па прамым даручэнні Прэзідэнта. Так мэтай "Беларусь 3" стала асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны.

Упершыню на ўсёй постсавецкай прасторы "Беларусь 3" падняў нішу незапатрабаванага студэнцкага кіно. У праграме тэлеканала дэманструюцца фільмы студэнтаў-экраннікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта не толькі работы моладзі, якая навучаецца цяпер, але і стужкі, якія гадамі пыліліся на паліцах.

Зараз у праграме канала амаль дваццаць арыгінальных праектаў уласнай вытворчасці. Толькі ў гэтым сезоне на экранах з'явілася з дзясятак. Змястоўным напаўненнем "Беларусь 3" стала стварэнне тэматычных эфіраў, прысвечаных дзяржаўным святам, юбілеям культурнай эліты, знакавым датам у мастацтве. Мастакі, музыканты, пісьменнікі, акцёры, рэжысёры і іншыя вядомыя дзеячы з'яўляюцца не толькі героямі эфіру, але і кансультантамі.

Больш за пяць гадзін на суткі на беларускай. Асаблівая ўвага тэлеканала "Беларусь 3" накіравана на папулярызацыю мовы. Толькі на трэцяй кнопцы беларускамоўныя праекты займаюць каля сямідзесяці пяці працэнтаў ад агульнай колькасці праграм уласнай вытворчасці. А тэлевіктарына "Размаўляем па-беларуску" заўсёды сярод першых у долі прагляду.