Паўтара месяца застаецца да важнай дзяржаўнай падзеі - перапісу насельніцтва. Кампанія стартуе 4 кастрычніка і завершыцца 30 кастрычніка. У Гомельскай вобласці будуць працаваць 1840 перапісчыкаў. Кожны атрымае планшэт з праграмай. Усе звесткі рэспандэнта будуць адразу адпраўляцца ў Белстат. Такі метад паскорыць апытанне ў тры разы. Навіна цяперашняга перапісу таксама і ў тым, што прайсці яго можна самастойна ў любым пункце планеты праз інтэрнэт. Таксама для апытання можна будзе прыйсці на стацыянарны ўчастак у зручны час. Адказаць трэба на 49 пытанняў пра сямейнае становішча, родную мову і мову карыстання, адукацыі, працы. Акрамя традыцыйных будуць і новыя тэмы.
Вольга Семенчукова, намеснік начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці: "Напрыклад, у жанчын, старэйшых за 18 гадоў, мы спытаем, ці плануе жанчына мець дзяцей. Ну, і, вядома, самае вялікае наша новаўвядзенне - гэта тое, што ў перапіс уключаны апытальнік аб сельскагаспадарчай дзейнасці. Мэта правядзення сельскагаспадарчага перапісу - гэта ацаніць той аб'ём сельгаспрадукцыі, які вырабляе насельніцтва. Каб дадаць потым гэты аб'ём да таго, што вырабляюць нашы прадпрыемствы, фермеры".
Інтэрнэт-перапіс можна будзе прайсці з 4 па 18 кастрычніка. Перапіс на стацыянарных участках - з 4 па 30 кастрычніка. А па месцы жыхарства рэспандэнтаў апытаюць з 21 па 30 кастрычніка.