45 гадоў таму ва Ушацкім раёне быў узведзены мемарыяльны комплекс "Прарыў"

4 мая 2019

Лічаныя дні застаюцца да свята, якое мы, спадчыннікі Вялікай Перамогі, чакаем з асаблівым хваляваннем. Набліжаецца дата 9 Мая, якая назаўжды ўпісаная ў нашу гісторыю. І задача сучаснага пакалення - добра вывучыць яе ўрокі. Трагічныя, але напоўненыя гераізмам тых, хто змагаўся за мірнае неба над галавой для ўсіх нас. 75 гадоў таму ў ноч на 5 мая народныя мсціўцы Полацка-Лепельскай партызанскай зоны прарвалі фашысцкае акружэнне і вывелі з кальца смерці мірных жыхароў. 17 тысяч салдат супраць 60-тысячнага войска карнікаў. Але перамога насуперак разумнаму сэнсу і чаканням ворага была здабытая. Пра гэтыя падзеі напісаны кнігі, а ў памяць пра герояў ва Ушацкім раёне быў узведзены мемарыяльны комплекс "Прарыў". Ён адкрыты 45 гадоў таму.

На святкаванні юбілейных дат пабывала наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. Быў май. Да Вялікай Перамогі заставаўся год. У мінулым 25 дзён бесперапынных баёў з ворагам, якія ўзялі партызан у шчыльнае кальцо блакады. Карнікі разлічвалі выпаліць гэтую зямлю за пяць дзён. Косткай у горле яны называлі Полацка-Лепельскую партызанскую зону. На працягу двух гадоў у тыле ворага больш за тысячу вёсак жылі па савецкіх законах, працавалі школы, электрастанцыі, выдаваліся газеты.

Штаб, друкарня, у партызанскай зямлянцы была нават свая карцінная галерэя. І гэта ўнікальны факт у ваеннай гісторыі. Партызаны малявалі таварышаў па зброі, якія праславіліся ў баях. Пры гэтым народныя мсціўцы грамілі нямецкія гарнізоны, пускалі пад адхон варожыя эшалоны. У 1944, адыходзячы пад націскам савецкіх войскаў, фашысты вырашаюць расправіцца з партызанскай рэспублікай. Упэўненыя ў поспеху, карным аперацыям даюць прыгожыя назвы: "Свята вясны" і "Дождж, які імжыць”. Загінуць або прарвацца - партызаны выбралі другое.

Гэтая ноч - з 4 на 5 мая 1944 года - самая страшная ў доўгім жыцці Сяргея Хацкевіча. Колькі людзей загінула падчас прарыву, невядома дагэтуль. Дагэтуль на мемарыяльныя пліты наносяць новыя імёны. Кожны май Дзям'ян Крупеня прыходзіць сюды, каб ушанаваць памяць загінуўшых таварышаў. Ён трапіў у партызанскі атрад у 14 гадоў. Гаворыць, у вырашальную ноч цудам падмануў смерць. У памяць аб вялікім подзвігу ва Ушачах створаны мемарыяльны комплекс, які так і назвалі "Прарыў". Ён адкрыты 45 гадоў таму. Ніна Васілеўская ўспамінае: у святочны дзень у моры людзей была бачная толькі скульптура партызана.

Сёння на "Прарыве" зноў шматлюдна. Гучаць ваенныя песні, паказальныя выступленні ад цяперашніх абаронцаў Айчыны. Каб трапіць сюды, шмат сотняў кіламетраў пераадолела Вольга Зыпельт. Прыехала з Мурманскай вобласці. У руках партрэт бацькі, які ваяваў у гэтых месцах. На "Прарыве" ўпершыню, удзячная беларусам за памяць, якую яны беражліва захоўваюць. Быў май. Іх было 17 тысяч супраць 60-тысячнага войска ворага. Мужнасць народа перамагла смерць і стала неўміручасцю.