40 гадоў таму ў Мінску адкрылася бальніца хуткай медыцынскай дапамогі

30 ноября 2018

Працоўная статыстыка - тысячы выратаваных жыццяў. 40 гадоў таму ў сталіцы адкрылася бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. Менавіта ў гэты комплекс дастаўляюць пацыентаў, якія маюць патрэбу ў неадкладным лячэнні. Для таго каб праца спецыялістаў у такіх экстрэмальных умовах была максімальна эфектыўнай, выкарыстоўваюць самыя сучасныя тэхналогіі. А назапашаным досведам дзеляцца не толькі з беларускімі калегамі. За адданасць прафесіі прадстаўнікі вялікага калектыву сёння атрымалі падзякі і дыпломы. Але праца ў бальніцы і ў святочны дзень не спынялася ні на секунду. Аляксандра Кавеліч - аб дапамозе ў рэжыме нон-стоп.

Фота гэтага ДТЗ пад Радашковічамі ледзь больш за месяц таму абляцелі старонкі ўсіх навінавых парталаў. У загалоўках - 4 загінуўшыя, яшчэ 5 пацярпелі.

Калерыю Стэфаненку з цяжкімі траўмамі неадкладна даставілі ў сталіцу. Цяжарная жанчына некалькі тыдняў правяла ў коме. Але ўрачам бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ўдалося захаваць абодва жыцці.

Юлія Савачкіна, галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі: "Мы бачым, што пацыентка размаўляе, пацыентка цікавіцца… Статыстыка захавання цяжарнасці пры такіх аварыях вельмі малалікая. Менш за 1%. Мы паднімалі спецыяльна літаратуру, цікавіліся. Тут працавала вялікая каманда".

Адрас Кіжаватава, 58 без запінак ведаюць усе кіроўцы карэт хуткай дапамогі. Менавіта сюды ўжо 4 дзесяцігоддзі дастаўляюць пацыентаў, якія маюць патрэбу ў неадкладным лячэнні. Гэта тыя выпадкі, калі на ліку літаральна кожная секунда.

Сістэмы нейранавігацыі, сучасныя тамографы… Для таго каб праца спецыялістаў была максімальна аператыўнай, і галоўнае - эфектыўнай, выкарыстоўваюць перадавыя методыкі і абсталяванне.

Гэта самае вялікае аперацыйнае аддзяленне не толькі ў сталіцы - ва ўсёй Беларусі. У 20 аперацыйных кожны дзень праводзяць больш за паўсотню складаных хірургічных умяшанняў. Вялікая частка з іх - экстранныя.

У гэтай аперацыйнай працуюць з ювелірнай дакладнасцю. Праз невялікі разрэз на сцегнавой артэрыі выдаляюць тромб, які прывёў да інфаркту. Усе дзеянні хірургаў праілюстраваныя на некалькіх экранах.

Андрэй Барысаў, галоўны ўрач бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска: "Зараз у нас здзяйсняюцца 2 вельмі сур'ёзныя пілотныя праекты. Па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з вострым каранарным сіндромам і парушэннем кровазвароту. І невыпадкова мы прыйшлі ў рэнтген-аперацыйную. Гэта вельмі складаныя аперацыі, якія патрабуюць вельмі складаных псіхалагічных, фізічных і нават матэрыяльных выдаткаў".

Бальніца хуткай дапамогі стане і асноўным медыцынскім цэнтрам падчас II Еўрапейскіх гульняў. Для гэтага значна ўдасканаляць інфраструктуру.

40 гадоў таму - у момант адкрыцця бальніцы - такі падыход да экстраннай дапамогі цяжка было ўявіць. Сёння вялікі і зладжаны калектыў не толькі рыхтуе сваіх спецыялістаў высокага ўзроўню, але і перадае досвед замежным калегам.