400 гадоў знаходжання ў Беларусі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай

5 апреля 2013

Для вернікаў  гэта артэфакт з асаблівай духоўнай сілай. Маштабныя ўрачыстасці пройдуць у Будславе праз тры месяцы. Ужо ёсць дамоўленасць, што, акрамя тысяч вернікаў, свяшчэннікаў і манашак, санктуарый  у ліпені наведае і Папскі легат. Ну а гэтымі днямі копію абраза перавозяць з храма ў храм, і для многіх гэта таксама магчымасць  дакрануцца да святыні. Зрэшты, пілігрымы імкнуцца менавіта ў Будслаў.
 


Каб адчуць аўру вялікага абраза, у Мядзельскі раён адправілася Аксана Шыдлоўская


400-годдзе знаходжання цудадзейнага абраза ў Будславе – знакавая падзея не толькі для невялікага мястэчка на  Мядзельшчыне, але і для ўсёй Беларусі, паколькі менавіта Маці Божая Будслаўская  заступніца нашай краіны.


За здзейсненыя шматлікія  цуды вылячэння людзей, іх духоўнага ўзбагачэння 15 гадоў таму абраз быў каранаваны папскімі каронамі. З таго часу вернікі яшчэ больш шануюць сваю заступніцу і пакланяюцца ёй.


Па традыцыі, на пачатку ліпеня ў Будславе збіраюцца вернікі з усёй Беларусі, а таксама  з суседніх краін. Пілігрымы па некалькі дзён ідуць сюды пешшу, едуць на веласіпедах, не зважаючы на надвор’е. Людзі рознага ўзросту нясуць да Маці Божай Будслаўскай свае просьбы, малітвы і  спадзяюцца на дараванне грахоў.


У юбілейны год па ўсіх каталіцкіх епархіях і прыходах краіны адбываецца перэгрынацыя (вандраванне) копіі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Такім чынам, заступніца Беларусі выпрошвае Боскае благаслаўленне для кожнай сям’і дзеля ўзмацнення іх веры.


Маштабнае святкаванне 400-годдзя  знаходжання  абраза ў Будславе адбудзецца 5 і 6 ліпеня. Чакаецца, што праз тры месяцы санктуарый наведаюць дзясяткі тысяч вернікаў, свяшчэннікаў і манахінь у тым ліку і з замежжа.