3-і з'езд рэспубліканскага аб'яднання "Белая Русь" абраў новага кіраўніка

19 января 2018

Сёння Нацыянальная бібліятэка стала пляцоўкай маштабнага грамадска-палітычнага дыялогу. 3-і з'езд рэспубліканскага аб'яднання "Белая Русь" падвёў вынікі пяцігодкі, акрэсліў далейшыя задачы ў працы арганізацыі, зацвердзіў праграму і новую рэдакцыю статута. А яшчэ абраў новага кіраўніка, што стала знакавай падзеяй форуму. Ім стаў Генадзь Давыдзька - старшыня Белтэлерадыёкампаніі. За 10 гадоў з моманту з'яўлення арганізацыя стала адным з самых уплывовых інстытутаў грамадства, зарабіўшы свой аўтарытэт у народа і словам, і справай. Можна сказаць, ні адно грамадска значнае мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу актывістаў "Белай Русі", а іх па ўсёй краіне, дарэчы, ужо больш за 170 тысяч. Сапраўднае ядро здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Гэта прагучала і ў прывітанні ад імя Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што і надалей аўтарытэт і роля "Белай Русі" няўхільна будзе ўзрастаць. Што ж, арыенціры на найбліжэйшыя гады зададзеныя - сацыяльна-эканамічнае, палітычнае і культурнае развіццё краіны, грамадскі кантроль рэформ, міжнародны парадак дня і народнае прадпрымальніцтва. Пра будучыню з 3-га з'езда "Белай Русі" - Андрэй Крывашэеў.

Ёсць такая не партыя, але грамадская сіла. І па ўплыве, аўтарытэце, прыкладной працы з канкрэтнымі людзьмі яна дасць фору шматлікім палітычным актарам дэ-юрэ. "Белая Русь" сёння падвяла вынікі працы за пяцігодку. Хоць партыяй пакуль не стала і інтрыгу захавала - вынікі яе працы больш чым вялікія і відавочныя. Нават колькасна: 178 000 чалавек і самае маштабнае прадстаўніцтва сярод заканадаўцаў усіх узроўняў - ад мясцовага да Савета Рэспублікі. У тым ліку гэта дае аналітыкам права дэ-факта лічыць "Белую Русь" ключавой, цэнтрысцкай, народнай і эфектыўнай "партыяй улады" ў краіне.

Зноў жа дэ-факта "Белая Русь" - самая прадукцыйная фабрыка дзяржкіраўнікоў і кар'ернага росту. Сістэмны ўдзел у выбарах і апора на прэзідэнцкі курс і рашэнні ўсебеларускага веча дазваляюць дамінаваць ва ўсіх дэпутацкіх складах.

Сярод сенатараў членаў "Белай Русі" пад 60 % або 34 парламентарыі. Пры гэтым і кіраўнік Савета Рэспублікі, і яго намеснік - з гэтай тайнай фракцыі.

Хоць мандат сенатара - не самамэта, прызнаецца Мар'яна Шчоткіна. Хутчэй, знак даверу грамадства і магчымасць дзейнічаць на карысць ўстойлівага сацыяльнага развіцця.

Яшчэ больш маштабная большасць "Белай Русі" ў ніжняй палаце парламента - пад 70 %. З саюзнікамі - канстытуцыйная большасць. Але зноў жа не крэсла дэпутата важна, а магчымасць адстойваць інтарэсы сваёй акругі і грамадства ў цэлым.

У самай блізкай да народа і народных клопатаў мясцовай улады ў аб'яднання кожны чацвёрты выбраннік. Але гэта не мяжа. На будучыя выбары ў мясцовыя Саветы "Белая Русь" ужо вылучыла каля 9000 кандыдатаў.

З улікам іх прафесійнай і палітычнай падрыхтоўкі - гэта сур'ёзная заяўка на перамогу. Тым больш што па сутнасці і статуце вылучэнцы - натуральныя цэнтрысты. Самая запатрабаваная сіла ў краіне.

За мінулыя 5 гадоў "Белая Русь" арганізавала і правяла сотні лакальных і рэспубліканскіх ініцыятыў, стаўшы сапраўднай грамадзянскай платформай і абвергнуўшы слабы тэзіс апанентаў аб недаразвітасці грамадства ў Беларусі.

Самы эфектыўны - праект грамадскіх прыёмных. Пачыналі з 40-ка, сёння больш за 160. Спачатку у прыёмныя ішлі скардзіцца на ЖКГ, бюракратыю або складанасці з працаўладкаваннем. І большасць праблем вырашалася. Але сёння ўсё больш наведвальнікаў, якія прасоўваюць ініцыятывы знізу, аж да паправак у законы. Гэта галоўны аргумент сталення грамадства.

Дарэчы і Прэзідэнт, і Кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі менавіта гэты творчы дыялог з народам ставяць на першае месца.

Адзначаючы і сацыяльную абарону людзей, і сапраўдны зрэз праблем, і прафесійны рост тых, хто адпрацаваў у прыёмных. Бо для будучыні кіраванца або дэпутата ўменне разабрацца і дапамагчы - галоўны навык і годнасць.

На працягу ўсёй сваёй 10-гадовай гісторыі "Белая Русь" словам і справай аспрэчвае міфы аб сабе як аб узроставай наменклатурнай прыбудове да ўлады.

Лічбы красамоўныя: самы папулярны ўзрост - ад 30 да 50 - росквіт прафмайстэрства і здаровых амбіцый. Тры чвэрці - з вышэйшай адукацыяй. Пры гэтым з 2014 года ідзе актыўнае амаладжэнне, кожны трэці, які ўступаў у рады, маладзейшы за 29. І гэта не наменклатурныя кар'ерысты: заняў пасаду - пайшоў у "Белую Русь". Наадварот. Прыйшоў у арганізацыю, даказаў, што лідар і кіраванец, набраўся досведу - стартуй па кар'ернай лесвіцы. І так ва ўсім свеце.

Як доказ - нізкі працэнт дзяржкіраванцаў. Іх усяго 4,5%. Ільвіная доля - з сфер адукацыі, прамысловасці, медыцыны, культуры і мастацтва - тая самая творчая, інжынерная і навуковая інтэлігенцыя, на якую сёння ставіць увесь свет.

На 3-м з'ездзе не столькі падводзілі вынікі, колькі планавалі будучую працу. Ключавых ініцыятыў шмат. Напрыклад, грамадзянская экспертыза законапраектаў. Кожны сацыяльна значны павінен прайсці праз фільтр грамадскіх інтарэсаў. Па факце гэта ўжо спрацавала і з пенсійнай рэформай, і з рэформай ЖКГ - праз грамадскія прыёмныя.

Другое - выхад на міжнародны ўзровень. Ужо сёння партнёры ўспрымаюць "Белую Русь" як саюзніка па цэнтрысцкай ідэалогіі і практыцы. Пара замацоўваць рэнамэ сумеснымі праектамі. Яшчэ: патранат над малым і сярэднім бізнесам. У аб'яднання ёсць усе рычагі, каб падтрымліваць і абараняць народнае прадпрымальніцтва.

У падтрымку ўладзе і прафсаюзам - грамадзянскі кантроль цэн, зарплат і ўмоў працы. На месцах лепш бачна, як выконваецца сацыяльны кантракт.

Сярод ідэй і такія надзённыя, як стварэнне моладзевага крыла, падрыхтоўка лідараў, падтрымка лічбавізацыі краіны. IT- Беларусь мяркуе і прасунутую ў новых тэхналогіях "Белую Русь". Задач шмат, і непартыйны фармат пакуль дазваляе вырашаць іх больш эфектыўна. Ды і грамадства яшчэ не запытала партыю. Адгэтуль - адкладзеная інтрыга партыйнага будаўніцтва. Агульнае рашэнне - не да часу.

Затое пад фінал з'езду дэлегаты адобрылі касметычныя праўкі ў статут і праграму - стратэгічна яны дакладныя. І ўзнагародзілі чалавека, дзякуючы якому "Белая Русь" стала гэткай уплывовай грамадскай і палітычнай сілай у краіне.

Новым старшынёй "Белай Русі" сёння ж быў абраны кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. І па форме, і па сутнасці гэтым крокам "Белая Русь" адкрывае новы сацыяльна-палітычны сезон.

Трэці з'езд завершаны. "Белая Русь" працягвае важную місію па кансалідацыі. Ужо не ў гэткім урачыстым, а ў будзённым, працоўным фармаце, штодня даказваючы сталасць і дзейснасць грамадства ў Беларусі.