3-га ліпеня Мінск адзначыў дзень вызвалення ад захопнікаў

4 июля 2019

3-га ліпеня 75 гадоў таму Мінск быў вызвалены ад захопнікаў. Таму сёлета святкаванне Дня Незалежнасці ў сталіцы -  асаблівае ўдвая. Знакавую дату адзначылі найбольш маштабна. Разгарнуліся дзясяткі святочных лакацый - выставы, тэматычныя квесты, канцэрты. 

Гараджане ўспаміналі свае сямейныя гісторыі, а яшчэ дзяліліся творчымі і спартыўнымі талентамі. Храналогія Дня Незалежнасці - у рэпартажы Аляксандры Кавеліч.

Чырвоныя ружы  як сімвал адвагі і непакорнасці. Жывыя кветкі ўсклалі да падножжа манумента Перамогі - падзяка тым, хто вызваляў краіну 75 гадоў таму. Тыя ўжо далёкія падзеі закранулі амаль кожную сям'ю і назаўсёды засталіся ў памяці.

Тым часам падзеі 44-га ўзгадвалі і на святочных пляцоўках. Партызанскія зямлянкі ўсталявалі ў парку Перамогі. Вось так у лясных школах на бяросце малявалі ягадамі і вуглем, а ў шашкі гулялі бярозавымі самаробнымі фігурамі. 

Дарэчы, гэта не адзіная лакацыя, дзе можна было ажыццявіць падарожжа ў мінулае.

Месцам гістарычнай рэканструкцыі стала пляцоўка ля ратушы. На нейкі час Верхні горад ператварыўся ў Мінск  XVII стагоддзя. Тут гасцей сустракаюць прадстаўнікі той эпохі -  шляхцічы.

Ад герояў даўніх стагоддзяў майстар-класы па фехтаванні.

Кульмінацыяй 3-га ліпеня стаў ваенны парад. Сотні адзінак тэхнікі, зладжаныя рухі роты ганаровай варты і ў фінале тэатралізаваны эпізод "Беларусь гераічная". Паўтысячы артыстаў адлюстравалі гісторыю адважнай барацьбы за незалежнасць роднай краіны.

А пасля ў тысячы галасоў як сімвал адзінства гучаў гімн. Яго спявалі разам усе пакаленні.