35 000 аматараў бегу з 53 краін выйшлі на старт Мінскага паўмарафону

9 сентября 2018

Мінск працягвае святкаваць 951-ы дзень нараджэння весела і спартыўна. З раніцы святочную эстафету падхапілі тысячы ўдзельнікаў Мінскага паўмарафону - чацвёртага ў гісторыі краіны. Сёлета атрымалася пабіць рэкорд - 35 000 аматараў бегу з 53 краін выйшлі на старт. На самай прэстыжнай дыстанцыі - 21 кіламетр - за першы радок да апошняга змагалася наша прафесійная лёгкаатлетка Святлана Кудзеліч, але ў выніку яна другая. Усяго секунду беларуска саступіла Шэйле Ероціч з Кеніі. У мужчын жа ўвесь п'едэстал акупіравалі прадстаўнікі Афрыкі. Першы - эфіёп Абебе Негева Дэгефа.

На дыстанцыі 10 кіламетраў роўных не было Юрыю Капцераву. У жанчын - Вользе Краўцовай. П'едэстал ужо быў за беларусамі. Тут у спісе ўдзельнікаў і Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.

Завяршыўся і самы масавы забег - гэта дыстанцыя 5 кіламетраў. Больш за 25 000 удзельнікаў выйшлі на старт. А на фінішы хутчэй за ўсіх аказаўся Максім Юшчанка, у жанчын жа - наша лёгкаатлетка Дар'я Барысевіч.