33 рэліквіі прывезлі ў касцёл у Пружанах - святыні будуць знаходзіцца ў храме пастаянна

21 мая 2023

На трыццаць тры святыні стала багацейшай Беларусь. Сёння ў Пружанах адбылася падзея, важная для ўсіх хрысціян. У касцёл Успення Прасвятой Багародзіцы прывезлі рэдкія рэліквіі. Сярод іх - часцінка Крыжа Гасподняга, кроў Хрыстова, мошчы Мікалая Цудатворца і іншых ушанаваных святых. Дагэтуль ў адным беларускім касцёле не было столькі святынь адначасова. Усё гэта зараз даступна для пакланення вернікаў. Аб падзеі расказала Марыя Тройніч.

Трыццаць тры рэліквіі - па адной на кожны год жыцця Хрыста. У маленькіх Пружанах здарылася вялікая падзея для ўсіх хрысціянскіх вернікаў краіны. У касцёл Успення Прасвятой Багародзіцы прывезлі рэдкія прадметы, некаторыя з іх былі сведкамі ключавых момантаў у гісторыі рэлігіі.

Ксёндз Павел Ярашэвіч, кіраўнік спраў плябана прыходу Успення Прасвятой Багародзіцы г. Пружаны:

Перад намі рэліквіі Святога Крыжа. Гэта той крыж, на якім быў укрыжаваны Езус Хрыстус. Хіба найбольшае значэнне для ўсіх хрысціян яно мае, таму што гэта якраз тое, праз што мы атрымалі збаўленне, праз што атрымалі вечнае жыццё.

Таксама сярод найкаштоўнейшых рэліквій часціца крыві Хрыстовай і мошчы Мікалая Цудатворца - аднаго з самых ушанаваных святых. Вернікі просяць яго аб выздараўленні, нараджэнні дзяцей, добрым падарожжы і аб міры. Некаторыя каўчэгі паступілі ў касцёл з дакументамі, якія пацвярджаюць сапраўднасць рэліквій.

Ксёндз Павел Ярашэвіч:

Добры прыклад дакумента, які пацвярджае аўтэнтычнасць рэліквій: маем сухую так званую пячатку, альбо одціск, подпісы епіскапаў, біскупаў, кардыналаў, якія таксама пацвярджаюць сваім аўтарытэтам праўдзівасць рэліквіі, і ёсць дата, у якую гэты дакумент быў выдадзены.

Раней гэтыя прадметы знаходзіліся ў храмах Еўропы, якія пачалі закрываць як незапатрабаваныя. У Беларусь святыні ўдалося перавезці дзякуючы мецэнату. З гэтай важнай нагоды ў пружанскім касцёле правялі інтранізацыю: асвячэнне рэліквій, занесеных у касцёл. Для вернікаў гэта хвалюючы і радасны момант. Многія дзеля гэтага прыехалі з іншых гарадоў.

Касцёл Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пружанах пабудавалі ў 1883 годзе. Дагэтуль ён быў вядомы тым, што стаў першым прыходам адзінага беларускага кардынала - Казіміра Свёнтэка. А зараз гэта першы каталіцкі храм, у якім знаходзіцца столькі святынь адначасова. Перад тым як рэліквіі занялі свае месцы ў храме, іх адрэстаўравалі.

Летам дзверы касцёла Успення Прасвятой Багародзіцы будуць адчыняць на ўвесь дзень: каб дакрануцца да святынь маглі як мага больш вернікаў.