30 гадоў без гарачай вады

5 февраля 2014
З такой скаргай звярнуліся сёння да губернатара цэнтральнага рэгіёну Сямена Шапіры. Праблема і сапраўды масштабная. Прычым, ад яе пакутуе нават не адзін дом, а цэлы мікрараён, дарэчы, самы вялікі і населенны ў горадзе.

Разам з жыхарамі Любані гэта пытанне задала і Антаніна Станкевіч.

Паварочвай не паварочвай кран, а гарачай вады не здабудзеш. І так ужо без малога 30 гадоў. А таму іранічнае хто хоча прыняць душ, вада ў чайніку для жыхароў гэтага дома - праўда жыцця.

Кожны, як кажуць, круціцца як можа. Сапраўдным ратункам для жыхароў мікрараёна сталі звычайныя бойлеры. Такім чынам вырашаецца праблема з гарачай вадой, але тут жа ўзнікае іншая: аплата за электраэнергію вырастае ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі.

Раней у мікрараёне была свая кацельня. Цагляны будынак і зараз стаіць тут, але прыгодны хіба што толькі як пляцоўка для трэніровак мясцовых мастакоў-графіцістаў. Сваіх функцый па падагрэве вады яна не выконвае ўжо даўно.

Праблему вырашыць самастойна не атрымліваецца. А таму звярнуліся да губернатара вобласці. Сямен Шапіра згаджаецца з жыхарамі Любані - жыць без гарачай вады хоць і магчыма, але вельмі складана. А таму даў канкрэтнае даручэнне: зрабіць усё, каб гарачая вада ў кранах з'явілася як мага хутчэй.

Усяго ж падчас прыёму грамадзян паспелі разгледзець два дзясяткі пытанняў. У топе праблем - сфера ЖКГ, дарогі, медыцына і адукацыя.