30 чалавек пацярпелі ад галалёду ў сталіцы за апошнія суткі

27 января 2015

У гэтым месяцы пік траўм прыпаў на 21 студзеня. Тады да медыкаў звярнуліся 64 чалавекі, а 13 з іх - шпіталізаваны. Сёння раніцай у 6-й гарадской бальніцы апынуліся 15 мінчан. Якім будзе надвор'е на гэтым тыдні, як зберагчы сябе ад пераломаў?

Рэпартаж Марыны Мураўёвай.

Але лепш зусім не падаць, раіць выхавацель дзіцячага садка. Дашкалят яна вучыць правілам руху на слізкай паверхні, а калі ўсё ж давялося ўпасці, як пазбегнуць балючага прызямлення. Атрымліваюцца карысныя інтэрактыўныя заняткі па ўласнай бяспецы. Самая актуальная тэма сёння – галалёд.

На прыкладзе Бураціна выхавацель паказвае, якім небяспечным можа быць лёд. Дарэчы, такія заняткі праводзяцца некалькі разоў на тыдзень.

А вось Мілана Глінская замест садка трапіла ў палату траўматалагічнага аддзялення. З-за галалёду дзяўчынка ўпала і атрымала пералом сцягна.

Штодзень ў аддзяленні траўматалогіі 6-й гарадской бальніцы паступаюць каля 30 чалавек з галалёднымі траўмамі. У кожнага другога пацыента – пералом рукі ці нагі.

Толькі сёння раніцай у прыёмны пакой гэтай бальніцы звярнуліся 15 мінчан з галалёднымі траўмамі. Палова з іх – жанчыны.

У першую чаргу да групы рызыкі траўматолагі адносяць пажылых людзей. Настаўніца Клаўдзія Макаўчык заўсёды перасцерагае сваіх вучняў ад наступстваў галалёду. А вось сябе не зберагла. Паслізнулася літаральна каля парога ўласнага дома. Як вынік - пералом плечавога сустава.

Як прагназуюць сіноптыкі, галалёдзіца ў найбліжэйшыя суткі захаваецца. Месцамі чакаецца кароткачасовы снег, мокры снег і туман.

У пятніцу вецер узмоцніцца і ў сталіцу завітае завіруха. У выхадныя спакойнае зімовае надвор'е таксама не парадуе. Моцны снег, парывісты вецер і галалёд. Каб праменад па гарадскіх вуліцах не скончыўся шпіталізацыяй, выхадныя варта правесці ва ўтульнай кампаніі дома.