30 акварэльных прац у стылі сюррэалізму. У мастацкай галерэі Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы выстава мастака Людмілы Рыбаковай. Тут прапанаваны працы ў змяшанай тэхніцы: мокрая акварэль і акварэльны аловак. Аўтар малюе не столькі фарбамі, колькі сваімі эмоцыямі, пачуццямі і інтуіцыяй. Загадкавыя сюррэалістычныя выявы нараджаюцца на паперы самі сабою. Аўтар толькі карэкціруе лініі акварэльным алоўкам. Дапамагае мастацкая фантазія і інтэлектуальны багаж, дзе захоўваюцца цытаты ўсходніх філосафаў, міфы і легенды розных культур.
Расійскі мастак Людміла Рыбакова жыве ў Беларусі і прадстаўляе Творчы саюз мастакоў Расіі і Еўразійскі мастацкі саюз. Яна арганізоўвае дзіцячыя маляўнічыя конкурсы і выставы ў галіне інтуітыўнага мастацтва.













