Сваю мужнасць у Дзень абаронцаў Айчыны праявілі і працоўныя калектывы цэнтральнага рэгіёна на спартыўным фронце. Актывісты прафсаюзаў з 50 прадпрыемстваў узялі ўдзел у лыжным свяце ў сталічным мікрараёне Вяснянка. На дыстанцыю выйшлі больш за 300 чалавек. Забегі праходзілі ў трох фарматах: біятлонная і лыжная эстафеты, а таксама мас-старт.
Алімпійскіх вынікаў ад удзельнікаў, вядома, ніхто не чакаў, паколькі большасць з іх проста аматары. Па выніках спаборніцтваў верхні радок у біятлоннай эстафеце заняла каманда "Атлант". За імі спартсмены з Белнафтахіма, трэцяе месца занялі прадстаўнікі БелАЗа.
Лыжныя спаборніцтвы сярод прафсаюзных арганізацый праходзяць на пастаяннай аснове. Спортам займаюцца больш за 41 тысячу актывістаў. Варта адзначыць: штогод спартыўныя школы прафсаюзаў перадаюць у вышэйшае звяно падрыхтоўкі больш як 500 перспектыўных навучэнцаў.














