2 мая пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне

24 апреля 2014

Выпрабаванні пройдуць з 14 па 28 чэрвеня, рэзервовы дзень - 5 ліпеня. Сёлета правілы паступлення ў ВНУ і каледжы некалькі змяніліся. У прыватнасці, пашыраны мэтавы набор абітурыентаў. На думку спецыялістаў, гэта мера дазволіць вырашыць праблему дэфіцыту кадраў у пэўных галінах народнай гаспадаркі.



Плюсы мэтавай падрыхтоўкі не толькі для эканомікі, але і для саміх студэнтаў ацаніла Вольга Маслоўская.


Пасля абароны дыпломнага праекта ў чэрвені Вікторыя Шаркунова і Кацярына Бялых прыйдуць у гэты цэх ужо не практыканткамі. Які будзе першы запіс у працоўнай кніжцы, дзяўчаты ведалі яшчэ два гады таму, калі склалі дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы з адной з абутковых фабрык Віцебска.


Дадатковая стыпендыя ад прадпрыемства, бясплатныя абеды падчас праходжання практыкі - нядрэнныя бонусы мэтавага дагавора. У адказ - жаданне працаваць, расці і застацца на фабрыцы.


Добрыя кадры трэба рыхтаваць ледзь ці не са школы, такое меркаванне дальнабачнага кіраўніка.


Бо любая паспяховая эканоміка, у тым ліку і эканоміка ведаў і паслуг, немагчымая без апоры на тое, што ў сучасным свеце называецца чалавечым капіталам. Пра гэта гаварыў і Кіраўнік дзяржавы ў штогадовым Пасланні да парламента і беларускага народа.


Тычыцца гэта і тых прадпрыемстваў, якія займаюцца традыцыйнымі відамі дзейнасці. Узровень спецыялістаў набывае цэнтральнае значэнне.


Зараз ва ўсіх арганізацый ёсць магчымасць рыхтаваць свайго будучага работніка. Тым больш што з гэтага года ў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах павялічваецца мэтавы набор студэнтаў. Патрэбен прадпрыемству - значыць, патрэбен эканоміцы ўсёй краіны.


Пры гэтым адказнасць за спецыялістаў, хай нават яшчэ і будучых, у тым ліку і на кіраўніках вытворчасці.


Трэба працаваць і ісці ў нагу з часам. Канкурэнцыя на сусветным рынку адчувальная. Гэта добры стымул да развіцця любой, нават самай невялікай вытворчасці.