2 000 артэфактаў, якія могуць раскрыць таямніцу паходжання славян

12 августа 2019

Навіна, якая прыцягнула да сябе ўвагу сусветных навукоўцаў-гісторыкаў. Беларускія археолагі выявілі больш за дзве тысячы артэфактаў. Яны пацвярджаюць, што славяне паходзяць менавіта з тэрыторыі беларускага Палесся. Даведацца пра месцазнаходжанне старажытнага селішча атрымалася дзякуючы выпадковасці. Якой? Расказвае Мікіта Дзяменцьеў.

Пра старажытныя знаходкі дацэнт гістарычных дысцыплін БДУ Вадзім Бялевец можа распавесці многае. Тым больш калі ёсць пра што. У вёсцы Ясковічы Салігорскага раёна беларускія археолагі і студэнты адкапалі больш за 2000 артэфактаў, унікальнасць кожнага ў пацверджанні 40-гадовай гіпотэзы аб зараджэнні славянскага народа на тэрыторыі беларускага Палесся. Дагэтуль паходжанне нашых продкаў лічылася сярод сусветных гісторыкаў самым невывучаным. Зараз у беларускіх навукоўцаў з'явілася магчымасць запоўніць гэты прабел.

Адказы шукаюць сярод фрагментаў адзення, упрыгожванняў і посуду канца другога стагоддзя нашай эры. Дарагім, нават для таго часу, аказаўся знойдзены сярэбраны дынарый рымскага імператара Луцыя Вера з чаканкай 166 года. Асаблівая ўвага археолагаў накіраваная на пошукі керамічных вырабаў, якія славяне выкарыстоўвалі ў сваім побыце.

Тут выяўленая гаспадарчая частка селішча, студэнты зараз даследуюць ямы для захоўвання ежы. Жыта, пшаніца, магчыма, гарох і рэпа. Больш дакладны рацыён і гаспадарчы лад жыхароў гэтага паселішча стане вядомы пасля атрымання вынікаў аналізу. Дарэчы, вядуцца раскопкі на плошчы каля 400 кв. метраў.

Сантыметр за сантыметрам маладыя навукоўцы пад кіраўніцтвам дасведчаных археолагаў здымаюць каштоўныя пласты зямлі. Такая скрупулёзнасць важная, каб не выпусціць дробныя дэталі і артэфакты. Для Паўла Бабкіна гэта ўжо дзявяты сезон на археалагічнай ніве. Дзеля навукі ахвяруе ўласным водпускам, зрэшты, як гаворыць сам выпускнік БДУ, для яго гэта і ёсць лепшы адпачынак.

Працуюць археолагі ў Ясковічах яшчэ з мінулага года. Калі б не выпадковы збег акалічнасцяў, пра гэтае месца маглі яшчэ доўга не ведаць. Добраахвотнікі з таварыства па ахове помнікаў зазначылі на рынку мужчын, якія спрабавалі прадаць незвычайныя рэчы. Пасля разбораў атрымалася ўстанавіць месца, і зараз маленькая вёсачка стала адпраўным пунктам да новай беларускай гісторыі.

Гіпотэза паходжання славян на беларускім Палессі становіцца тэорыяй, якая знаходзіць усё новыя пацверджанні. Вядома, наперадзе ў беларускіх археолагаў гады напружанай працы, каб пацвердзіць або аспрэчыць гэтую тэорыю. І хто ведае, магчыма, хтосьці з гэтых маладых студэнтаў паставіць кропку ў гэтым гістарычным пытанні.