28 верасня ў Мінску адкрываюцца восеньскія кірмашы

27 сентября 2019

Сезон восеньскіх кірмашоў распачынаецца ў Мінску. Сёння ў многіх раёнах сталіцы яны разгарнуліся ў  міні-фармаце. А ўжо заўтра зашуміць самая вялікая гандлёвая пляцоўка - ля "Чыжоўка-Арэны". Больш за 200 вытворцаў з ўсёй краіны ўжо расстаўляюць свае павільёны, пачынаюць падвозіць сезонны тавар. Як і заўсёды, садавіну і агародніну тут можна будзе набыць па самых нізкіх цэнах непасрэдна ад вытворцы. Чаго чакаць ад кірмашоў – 2019, раскажа Надзея Сербіненка.

Ужо заўтра ў Мінску адкрываецца першы восеньскі сельгаскірмаш. Ён адбудзецца тут, ля “Чыжоўка-Арэны”, дзе звычайна адчуваецца запал спартыўны. Пляцоўка ўжо традыцыйная - гараджане ведаюць, дзе можна набыць агародніну і садавіну новага ўраджаю па самых нізкіх цэнах, і спецыяльна прыязджаюць на вуліцу Ташкенцкую. Дарэчы, дабрацца сюда нескладана - ад  станцыі метро «Аўтазаводская» ідзе прамы аўтобус. 

Практычна ўсе выхадныя кастрычніка з 9 раніцы да 16 дня тут будзе арганізаваны гандаль. А вось 19 і 20 кастрычніка галоўны кірмаш адбудзецца ля Палаца спорту. 

Акрамя таго, адміністрацыя кожнага раёна Мінска вызначае месцы для міні-кірмашоў. У Маскоўскім, Кастрычніцкім і Першамайскім раёнах продаж будзе арганізаваны і па пятніцах.