28 мая пагранічнай службе Беларусі спаўняецца 95 гадоў

26 мая 2013

Зразумела, за гэтыя гады змянілася і армія, і пагранічнікі ў прыватнасці. Выкрутлівасць кантрабандыстаў заўсёды прымушала ісці ў нагу з часам, а часам і залазіць у такую глухамань, пра якую інакш і не скажаш - татальнае бездарожжа. Дзеля гэтага сюжэта нашай здымачнай групе прыйшлося перасесці з мікрааўтобуса ў балотаход і ўбачыць, як нясуць службу на самай далёкай заставе краіны.


Рэпартаж Вікторыі Патоні. Дабрацца да часовага пагранічнага паста Мутвіца няпроста. 26 кіламетраў пераадольваюцца амаль за дзве гадзіны. Выключна на спецтэхніцы. Дарога для джыпа-трыяла, няйнакш. Зрэшты, гэты шлях зручны толькі ў сухое надвор'е. Часцей за ўсё, каб дабрацца да месца дыслакацыі, пагранічнікі выкарыстоўваюць авіяцыю.

Пост з'явіўся ў палескай глыбінцы ў лютым мінулага года, згодна з дзяржаўнай праграмай. Альманскія балоты - самы буйны ў Еўропе лесабалотны комплекс. Менавіта сюды кожны год у ягадны сезон і імкнуцца жыхары прыгранічча. Збіраючы чарніцы і журавіны на тэрыторыі Беларусі, украінцы масава парушалі дзяржаўныя межы.

Сяргей Жылінскі, першы намеснік начальніка Пінскага пагранічнага атрада: На падставе рашэння Кіраўніка дзяржавы і падпісанага міжурадавага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Кабінетам Міністраў Украіны было прынята рашэнне аб арганізацыі тут спрошчанага часовага пропуску грамадзян Украіны з 10 прыгранічных населеных пунктаў Украіны з мэтай збору дзікаросаў.

Служаць тут пазменна, па тыдні. Нягледзячы на тое, што гэты пост - самы аддалены ў краіне, пагранічнікі выгод цывілізацыі не пазбаўленыя. У казарме - усё неабходнае: сталовая, пакой адпачынку, клас падрыхтоўкі… Сувязь праз радыёрылейный канал.
Гэтая застава сама па сабе эксклюзіўная. Яна адна фактычна ў Рэспубліцы Беларусь, таму што такога тыпу аўтаномных, каб не залежылі ад электрасетак і ад сувязі, няма. Вось, напрыклад, дызель-электрычная станцыя. Дзякуючы двум дызельным генератарам, якія працуюць напераменку, на пасту ёсць святло, вада, цяпло, працуюць камп'ютары і электрапрыборы.

Па перыметры агароджы часовы пагранічны пост абсталяваны сістэмай відэаназірання для падтрымання ўласнай бяспекі падраздзялення. Пост Мутвіца - адзіны ў Беларусі, дзе на службе ў пагранічнікаў спецыяльная тэхніка - балотаход. Машына практычна ўсюды праходная і ўсесезонная. Гэта не выпадкова, бо ўчастак мяжы ўвесь забалочаны. Па доўгу службы тутэйшыя пагранічнікі яшчэ і ратавальнікі: тушаць пажары ў лесе.

Дзякуючы спрошчанаму парадку пропуску на беларуска-ўкраінскім участку мяжы сітуацыю ўдалося стабілізаваць. За мінулы год колькасць парушальнікаў дзяржаўных межаў знізілася ў 8 разоў. Паток ягаднікаў чакаецца і ў гэтым сезоне. Тады ў пагранічнікаў пачнецца па-сапраўднаму гарачая пара.