27 студзеня савецкія салдаты вызвалілі Асвенцім

26 января 2020
Пачатак наступнага тыдня пройдзе пад знакам памяці. 75 гадоў таму 27 студзеня  савецкія салдаты вызвалілі Асвенцім - найбуйнейшы лагер смерці. Менавіта тут у гады Другой сусветнай вайны немцы ўпершыню выпрабавалі атручванне людзей газам - цыклонам Б. Менавіта сюды цэлымі эшалонамі дастаўлялі і беларусаў. 

Па самых сціплых падліках, у лагеры Асвенцім было знішчана амаль паўтара мільёна чалавек. Руслан Туркоў сустрэўся з тымі, хто яшчэ дзецьмі апынуўся ў самым эпіцэнтры нацысцкіх злачынстваў. 

У архівах Асвенціма захавалася інфармацыя аб 13 эшалонах, што прыбылі з Беларусі. Людзей прывозілі вось сюды на рампу, падзялялі мужчын і жанчын. Апошніх дзялілі на тых,  хто можа працаваць, і тых,  хто не. Першыя ішлі ў баракі, другія ў газавыя камеры.

У адным з такіх эшалонаў у Асвенцім прывезлі дзевяцігадовую Аляксандру з мамай і старэйшым братам. Дзяўчынка ўбачыла страшную карціну, пра якую яна пасля будзе ўспамінаць усё жыццё

Сёння былых вязняў сустракаюць у музеі на электрамабілях. Складана хадзіць, калі табе пад 90. Як бы цяжка не было гэта ўсё зноў убачыць, неабходна памятаць, гавораць яны. На 75-годдзе з Беларусі прыехала 12 чалавек і кожны са сваёй гісторыяй

Ліліі было 4. Яна дрэнна памятае, што адбывалася з ёй тут, больш па аповедах мамы. Але не прыехаць не магла. Гэтыя могілкі з амаль паўтара  мільёнамі чалавек і сярод іх старэйшы брат дзяўчынкі.

Калі ў студзені 1945 года да Асвенціма падышлі савецкія войскі, у лагеры заставалася каля 7 тысяч вязняў. І сярод 200 дзяцей, якія выжылі,  апынуліся нашы Аляксандра і Ліля. Гэты дзень запомнілі нават маленькія дзяўчынкі.

Больш за 200 савецкіх салдат загінулі пры вызваленні лагера. У гэты дзень, 27 студзеня, 1945 года свет даведаўся аб злачынствах нацыстаў, аб якіх Беларусь памятае дагэтуль.