27 студзеня - Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакоста

27 января 2022

Для беларусаў памяць аб трагедыі Халакосту святая. Страшныя падзеі Другой сусветнай павінны стаць надзейнай прышчэпкай ад неанацызму, этнічнай і рэлігійнай нянавісці - гэта думка стала лейтматывам жалобнага мітынгу ў Мінску. Ля мемарыяла "Яма" памяць ахвяр Халакосту сёння ўшанавалі прадстаўнікі дыпкорпуса і шэрагу грамадскіх арганізацый, іерархі розных канфесій. У гады вайны нацысты забілі каля 6 мільёнаў яўрэяў, 800 тысяч з іх у Беларусі. 

Дзень памяці ахвяр Халакосту заснаваны ў 2005-м па ініцыятыве ў тым ліку і Беларусі. Роўна 77 гадоў назад войскі маршала Конева вызвалілі вязняў канцлагера Асвенцым. Трагедыю беларускага і сусветнага яўрэйства ў нас памятаюць, а памяць аб ёй трапятліва шануюць. І тут, на месцы гібелі тысяч бязвінных людзей, асабліва востра адчуваецца небяспека, якой пагражае неанацысцкі рэванш, бо аддаць Халакост забыццю ўсё больш ахвотнікаў.