26-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш завяршылася сёння ў Мінску

10 февраля 2019

Больш чым кнігі! Дэвіз 26-га міжнароднага форуму, які завяршыўся сёння ў Мінску, цалкам сябе апраўдаў. Літаратурныя навінкі і знакавыя выдавецкія праекты прадставілі больш як 300 экспанентаў. Сярод удзельнікаў - Венгрыя, Італія, Германія, Азербайджан, Польшча, Румынія, Кітай, Расія. Усе кнігі можна было пагартаць, разгледзець друк і ілюстрацыі. 

Прыхільнікі замежнай літаратуры маглі ўбачыць сябе ўнутры "Ператварэння" Франца Кафкі. Да папяровага варыянту адной з найболей вядомых навэл 20-га стагоддзя прыкладалася віртуальная рэальнасць. "Адкруціць" яшчэ некалькі стагоддзяў назад дазваляла экспазыцыя "У пошуках страчанага". Частку сваёй унікальнай калекцыі яе аўтар Уладзімір Ліхадзедаў перадаў Нацыянальнай бібліятэцы.

Паштоўкі, рэканструяваны друкарскі станок 16-га стагоддзя, каралеўская грамата 17-га, полацкія дакументы 16-га і 17-га стагоддзяў... Аб мінулым, сучаснасці і будучыні распавядалі і больш за дзясятак новых кніг і альбомаў Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. На прыкладзе кніжнага форуму добра счытвалася інтэрнацыянальная літаратурная палітыка. Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы прадставіў кнігу пра Максіма Горкага і Адама Багдановіча.

Аб фарматах выставачнай дзейнасці, выдавецкіх нюансах гаварылі адразу на двух саветах: арганізатараў кніжных выстаў і кірмашоў і кіраўнікоў кніжных палат дзяржаў - удзельнікаў СНД. Пісьменнікі і перакладчыкі слухалі, выказваліся і абмяркоўвалі падчас міжнароднага сімпозіума літаратараў.

Вялізную цікавасць да выставы выявілі і нашы найбліжэйшыя геаграфічныя суседзі. Напрыклад, выданні расійскіх рэгіёнаў у такой колькасці былі ўпершыню прадстаўленыя менавіта ў Мінску.

Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў разам з беларускімі зоркамі спорту і ўжо знакамітым талісманам Лесікам на выставе прадставілі "Спорт вышэйшай пробы", даведнік па Мінску, тэматычны каляндар і карту. Усё гэта дапаможа балельшчыкам падрыхтавацца да самай яркай падзеі гэтага года.

Філіяламі кніжнай выставы сталі сталічныя кінатэатры. На вялікіх экранах у гэты час ішлі "Палескія рабінзоны", "Шляхціч Завальня", "У тумане". Кнігі спрабавалі і на смак - у кафэ і рэстаранах. У меню тэматычнага гастрафестывалю - стравы з "Новай зямлі" і "Дзікага палявання караля Стаха". Гатавалі і для прыхільнікаў замежнай літаратуры - гарбузовы суп з "Гульні пасадаў" і аладкі з "Унесеных ветрам".

Прэзентацыя еўравізійнай манаграфіі "Запальвай! Дзіцячае "Еўрабачанне!" ператварылася ў канцэрт юных зорак эстрады. Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" таксама прадставілі на выставе. У глянцы - біяграфія ўдзельнікаў песеннага конкурсу ў Мінску і летапіс поспехаў прадстаўнікоў Беларусі. Аб закадравым жыцці дзіцячага "Еўрабачання" распавялі і самі артысты - Даніэль Ястрэмскі, Хелена Мерааі, Руслан Асланаў.