26 тон адходаў з высокім утрыманнем ртуці вывезуць з Гродзенскай вобласці

11 августа 2016

26 тон адходаў з высокім утрыманнем ртуці вывезуць з Гродзенскай вобласці і ўтылізуюць у Францыі да канца жніўня. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі спадарыня Андрэа Віктарын. Склад з так званымі непрыдатнымі пестыцыдамі - рэчывамі, небяспечнымі для чалавека, яшчэ з савецкіх часоў застаўся ў вёсцы Мізгыры. На дадзены момант адходы не ўяўляюць небяспекі, але патрабуюць найхутчэйшай ліквідацыі. Фінансуюць праект Еўрапейскі саюз і адно з падраздзяленняў ААН. Памер гранта для Беларусі складае больш за 560 тысяч еўра.

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі: "Пестыцыды - гэта вельмі небяспечныя рэчывы. Яны ўтрымліваюць масу хімічных элементаў, небяспечных для навакольнага асяроддзя і чалавека. Шматлікія гавораць, што пестыцыды - гэта міна запаволенага дзеяння. Таму ў нашых агульных інтарэсах - пазбавіцца ад іх".

Андрэй Каўхута, Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Падземныя сховішчы пестыцыдаў могуць негатыўна ўздзейнічаць на навакольнае асяроддзе, на ваду, на расліны і г.д.. Таму трэба прымаць усе неабходныя меры для таго, каб зрабіць навакольнае асяроддзе чыстым, зручным для жыцця чалавека".

Праект па ліквідацыі непрыдатных пестыцыдаў у вёсцы Мізгыры стартаваў у 2014 годзе. Ужо ліквідавана іх 258 тон.