26 красавіка Беларусь прыняла на сябе самы магутны радыяактыўны ўдар

25 Красавіка 2016

З0 гадоў таму за 16 кіламетраў ад беларускай мяжы пачаліся планавыя выпрабаванні адной з сістэм бяспекі Чарнобыльскай АЭС. На 25 красавіка 1986 года было запланаванае спыненне чацвёртага энергаблока. Падобныя эксперыменты ў 1982, 1983, 1984 і 1985 гадах сканчаліся няўдала. У ноч на 26 красавіка 1986 выпрабаванні завяршыліся катастрофай. Самай страшнай тэхнагеннай катастрофай у сучаснай гісторыі. У выніку серыі выбухаў і разбурэння рэактара адбыўся выкід радыяактыўных рэчываў, які можна параўнаць з наступствамі выбуху 500 атамных бомбаў. Аварыя на ЧАЭС закранула мільёны жыхароў планеты. У найбольшай ступені пацярпела Беларусь. Была забруджана амаль чвэрць нашай тэрыторыі. Найболей пацярпелі Брэсцкая, Гомельская і Магілёўская вобласці. Калі ў лічбах, то гэта 3 678 населеных пунктаў. З моманту трагедыі прайшло ўжо 30 гадоў. Беларусь не толькі самастойна зладзілася з бядой, але і змагла ўдыхнуць новае жыццё ў пацярпелыя рэгіёны. Тут пабудаваныя новыя школы, дзіцячыя сады, аднаўляецца прамысловасць, сельская гаспадарка. Ініцыятарам адраджэння чарнобыльскіх тэрыторый стаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Навукоўцы краін СНД, прадстаўнікі ААН, МАГАТЭ і ЮНІСЕФ. Нягледзячы на статусы і пасады, 30 гадоў таму 25 красавіка шматлікія з гэтых людзей спяшаліся па звычайных справах, але наступны дзень падзяліў жыццё на до і пасля. Чарнобыль. 26 красавіка Беларусь прыняла на сябе самы магутны радыяактыўны ўдар. Пад уздзеяннем радыяцыі апынуліся больш як тры з паловай тысячы населеных пунктаў і звыш двух мільёнаў чалавек. Больш за ўсіх пацярпелі Гомельская, Брэсцкая і Магілёўская вобласці.

Дзесяцігоддзямі вялася карпатлівая праца. Адсяленне людзей, будаўніцтва пасёлкаў на бяспечнай тэрыторыі, новыя рабочыя месцы, медыцынскае абслугоўванне.

Праз гады жыццё пацвердзіла правільнасць прынятага рашэння аб рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі рэгіёнаў, якое стала асабістай ініцыятывай Кіраўніка дзяржавы. А вопыт, назапашаны Беларуссю ў пераадоленні наступстваў, апынуўся неацэнным не толькі для нашай краіны. Сёння ён служыць свету. Пяць гадоў таму беларускі бок прапанаваў дапамогу Японіі пасля аварыі на "Фукусіме". Гэтае супрацоўніцтва працягваецца дагэтуль.

Ва ўсім свеце ў пытаннях пераадолення чарнобыльскай катастрофы Беларусь пазіцыянуецца як эксперт. І невыпадкова, што падчас падрыхтовак мерапрыемстваў да 30-годдзя аварыі Арганізацыя Аб'яднаных Нацый падтрымала правядзенне міжнароднай канферэнцыі менавіта ў Мінску.

Мікі Ямада, парламенцкі намміністра замежных спраў Японіі: "Японія спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з Беларуссю з улікам вопыту ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ужо шмат зроблена нашымі краінамі. Беларусь і Японія склалі ў 2012 годзе міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве. Бакі правялі ўжо тры пасяджэнні, сумесныя камісіі, дзе абмяняліся вопытам і ведамі ў галіне пераадолення наступстваў аварый на атамных электрастанцыях".

Асноўны спікер канферэнцыі - спадарыня Хелен Кларк - не толькі трэцяя па значнасці афіцыйная асоба ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, але і адна з найболей аўтарытэтных жанчын свету. Часопіс "Форбс" не аднойчы прызнаваў Кларк самай уплывовай лэдзі ў сістэме ААН, а ў глабальным рэйтынгу ста найболей уплывовых жанчын свету яе імя на 23-м радку. Акрамя таго, яе завуць кандыдатам нумар адзін на пасаду Генеральнага сакратара ААН, выбары якога адбудуцца ўжо сёлета. Так што яе візіт - больш як прыезд у Беларусь чарговага буйнога чыноўніка. Натуральна, адна з важных задач - вызначыць новую чарнобыльскую стратэгію, якую ААН прыме ўвосень.

Хелен Кларк, адміністратар ПРААН, намеснік Генеральнага сакратара ААН: "Зроблена многае. За 10 гадоў ПРААН з невялікай гуманітарнай канцэпцыі ператварылася ў поўнамаштабную праграму падтрымкі і рэабілітацыі пацярпелых ад аварыі рэгіёнаў. Вылучаныя вялізныя рэсурсы на абарону людзей ад уздзеяння радыяцыі. Уся гэтая праца была б немагчымая без дзейнай і актыўнай падтрымкі і без лідарства, якое выявіла кіраўніцтва Беларусі".

Спадарыня Кларк з візітам у Беларусі ўжо другі раз. У 2014 яна наведала рэгіёны, пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі, у прыватнасці, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік і горад Ветку. Многія праекты Праграмы развіцця ААН рэалізоўваліся для жыхароў менавіта гэтага рэгіёна.

Тады ж адбылася сустрэча на вышэйшым узроўні. Падчас гутаркі з Кіраўніком дзяржавы Хелен Кларк высока ацаніла вопыт Беларусі ў пераадоленні наступстваў радыяцыйных катастроф.

І сёння - яшчэ адна сустрэча ў інтэр'ерах Палаца Незалежнасці. Але, апроч гутаркі пра новыя праекты, гучалі і словы асаблівай удзячнасці. З гэтага часу жакеты Хелен Кларк і яе калегі Джыхан Султаноглу - жанчын, якія ўзялі на сябе груз мужчынскіх клопатаў, - упрыгожваюць ордэны Францыска Скарыны.

Сёння Хелен Кларк наведала і 130-ю мінскую школу, якой прысвоена імя амерыканкі Рут Уолер. Улетку 1946 года яна выратавала трох беларускіх падлеткаў, якія танулі, але неўзабаве ад атрыманых ускладненняў загінула сама. Яе подзвіг намеснік генсака ААН заве прыкладам адданасці сваёй справе, якую сёння працягваюць паслядоўнікі. Несумнеўна, візіт самой Кларк - гэта яшчэ і працяг умацавання беларуска-амерыканскіх адносін. Зрэшты, менавіта сёння не абышлося без гучных палітычных заяў. У наступныя некалькі гадоў у Беларусі можа з'явіцца пасольства ЗША.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Толькі праз дыялог, спакойнае супрацоўніцтва, пашырэнне пазітыўнай атмасферы мы зможам прыйсці да паразумення і цеснага супрацоўніцтва. І мы зараз знаходзімся з ЗША як раз на этапе паступальнага пашырэння пазітыўнай атмасферы нашых адносін. Я перакананы, што гэтая тэндэнцыя працягнецца, таму што з абодвух бакоў ёсць гатовасць да поўнай нармалізацыі нашых адносін".

Дарэчы, кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей і Хелен Кларк бачыліся літаральна на днях - у Нью-Ёрку на 30-й спецсесіі Генасамблеі ААН. Разам адкрылі фотавыставу "Чарнобыль: трагедыя, урокі, надзея". У экспазіцыі - 30 работ Філіпа Гросмана. Гэта амерыканскі фатограф, які сем разоў быў у зоне адчужэння.

Але, апроч пасады каардынатара міжнароднага ўзаемадзеяння ААН па Чарнобылі, Хелен Кларк да таго ж адміністратар ПРААН. Беларусь і Праграма развіцця ўзаемадзейнічаюць з 1992 года. У нашай краіне арганізацыя працуе адразу ў некалькіх галінах: гэта экалогія, сацыяльная абарона, барацьба з распаўсюджваннем СНІДу і сухотаў.

Летась Арганізацыя Аб'яднаных Нацый адсвяткавала юбілей. 70 гадоў дзейнасці, прысвечанай не толькі пытанням бяспекі. Вялізная колькасць гуманітарных праграм. Даступная адукацыя, клопат аб экалогіі, пытанні гендарнай роўнасці.

Юбілей арганізацыі ў самых розных кутках планеты адзначалі па-рознаму. Але наўрад ці дзесьці яшчэ было штосьці падобнае да беларускага "Экспрэса ААН - 70". Цэлы тыдзень спецыяльны цягнік перамяшчаўся ад аднаго абласнога цэнтра да іншага. І кожны горад асвятляў вызначаныя мэты ўстойлівага развіцця ААН. Іх 17. Гэта тыя глабальныя праблемы і задачы, якія неабходна вырашаць на працягу наступных 15 гадоў усім светам. Інклюзіўнае развіццё, здаровы лад жыцця, энергаэфектыўныя тэхналогіі і будаўніцтва зялёнай эканомікі.

Сёлета ПРААН запусціла новую краінавую стратэгію для Беларусі. Аб'ём фінансавання ў наступныя пяць гадоў перавысіць 80 мільёнаў долараў. Наша краіна павінна стаць лідарам у пытаннях рэгіянальнага развіцця, у тым ліку на чарнобыльскіх тэрыторыях. Адчувальную падтрымку атрымаюць і бізнесмены. І вось яшчэ адзін з планаваных вынікаў Праграмы: Беларусь сярод 30 краін з найболей спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнесу.

Традыцыйна ў гэтыя красавіцкія дні Прэзідэнт наведвае рэгіёны, якія пацярпелі ў выніку трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Заўтра Кіраўнік дзяржавы адправіцца ў рабочую паездку па Гомельскай вобласці. Ход вясновых палявых работ, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, ахова здароўя. Сярод дзяржаўных пытанняў яшчэ адзін важны пункт у прэзідэнцкім графіку - простыя чалавечыя зносіны. Гэта будзе гутарка пра планы, дасягненні і, безумоўна, пра будучыню. Пра гэта і не толькі ўжо заўтра з Кіраўніком дзяржавы пагавораць жыхары аграгарадка Дабрынь і райцэнтра Ельск.