25 верасня Беларусь наведае дэлегацыя Чачэнскай Рэспублікі на чале з Рамзанам Кадыравым

21 сентября 2017

Сёння ў знешнепалітычным ведамстве паведамілі, што ў пачатку наступнага тыдня, 25 верасня, Беларусь наведае дэлегацыя Чачэнскай Рэспублікі на чале з Рамзанам Кадыравым. Падчас запланаваных сустрэч з кіраўніцтвам нашай краіны будуць абмяркоўвацца пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Нагадаем, яшчэ летась у лістападзе журналіст з Грознага задаў Аляксандру Лукашэнку пытанне аб стварэнні ў Чачні сумесна з нашай краінай інвестпляцоўкі для развіцця супрацоўніцтва. Беларускі лідар прапанову падтрымаў і нагадаў, што дэлегацыю гэтай рэспублікі даўно чакаюць у Мінску, бо чачэнскі бок двойчы пераносіў візіт.

Рамзан Кадыраў запрашэнне прыняў, напісаўшы на сваёй старонцы ў Instagram, што гатовы прыехаць у Мінск. Гэты намер кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі пацвердзіў і ў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір".

Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі: "Я абавязкова збіраюся паехаць у Беларусь тады, калі будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі. І сапраўды, трэба наладзіць адносіны. Беларусь развіваецца, будуецца, і нам ёсць чаму навучыцца".

Мінск і Грозны маюць намер актывізаваць супрацоўніцтва ў сферах прамысловай кааперацыі, паставак у Чачню грузавой, сельскагаспадарчай, пасажырскай тэхнікі, прадуктаў харчавання. Акрамя таго, бакі абмяркуюць і прыцягненне беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтва аб'ектаў у Чачэнскай Рэспубліцы.