25 снежня па цэнтральных вуліцах Мінска пройдуць 800 Дзядоў Маразоў і Снягурак

8 декабря 2015

Кожны дзень набліжае нас да наступлення новага, 2016, года. Толькі ў сталіцы запланавана больш як 200 музычных, касцюмаваных і спартыўных мерапрыемстваў. Мабыць, самая доўгачаканая падзея - шэсце галоўных навагодніх персанажаў. 25 снежня па цэнтральных вуліцах Мінска пройдуць 800 Дзядоў Маразоў і Снягурак. Каля Ратушы ўпершыню адкрыецца інтэрактыўны атракцыён. Навагодні чараўнік у рэжыме рэальнага часу будзе размаўляць з прахожымі. Што яшчэ чакае напярэдадні Каляд і Новага года мінчан і гасцей беларускай сталіцы - раскажа Аляксандра Драгун.

Галоўная ёлка краіны ўпрыгожана, святочныя гірлянды развешаны. Менш, чым праз тыдзень, Кастрычніцкая плошча заззяе рознакаляровымі агнямі. Каля навагодняга дрэва ўстанаўліваюць драўляныя хаткі - гандлёвыя рады. Ужо ў гэту суботу - 12 снежня - тут будуць частаваць гарачым шакаладам і беларускімі стравамі.

Анастасія Прымака, галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ГУСР Мінгарвыканкама: "Таксама з 25 снежня ў кожным раёне горада і на пляцоўцы каля Палаца спорту пройдзе кірмаш "Калядны падарунак". Там прадугледжана і культурна-забаўная праграма".

Падрыхтоўка да навагодніх кірмашоў пачалася задоўга да свята. Выраб сувеніраў - справа працаёмкая. Падарункі рыхтуюць адначасова як майстры-рамеснікі, так і прадпрыемствы.

На Барысаўскім заводзе разам з фужэрамі, цукерачнымі і кветкавымі вазамі ў хрусталі захавалі і мініяцюрных малп - сімвал надыходзячага года.

Аляксандр Грышкоў, начальнік першага цэха сартавога посуду Хрустальнага завода: "За сезон мы выпускаем у сярэднім 10 тысяч сувенірнай прадукцыі, якая сыходзіць, як гаворыцца, як гарачыя піражкі".

Альтэрнатыва хрустальным і шкляным - сувеніры і ёлачныя цацкі з воску і пап'е-машэ.

Рыхтуюць рамеснікі і калядныя вянкі. Яловыя і хваёвыя лапкі дэкаруюць карыцай, бавоўнай, кветкамі і ягадамі. Трэнд гэтага года - навагоднія кампазіцыі з падсвечнікамі.

Праўда, такія калядныя вянкі майструюць са штучных матэрыялаў. А з 22 снежня водар натуральных ёлак і хвой будзе даносіцца з кожнага мікрараёна Мінска - адкрыюцца базары з навагоднімі дрэвамі.

Тэатралізаванае шэсце галоўных навагодніх персанажаў, мабыць, самая доўгачаканая падзея зімовых святаў. 25 снежня па вуліцах Мінска пройдуць 800 Дзядоў Марозаў і Снягурак - ад Плошчы Незалежнасці да Верхняга горада, дзе, дарэчы, упершыню адкрыецца 3D-атракцыён. Інтэрактыўны Дзед Мароз у рэжыме рэальнага часу будзе размаўляць з прахожымі.

Да Новага года і Каляд толькі ў сталіцы запланавана больш як 200 музычных, касцюмаваных і спартыўных святаў. Можна нават пабываць у гасцях у Дзеда Мароза. 23 снежня ў парку Горкага адкрыецца рэзідэнцыя навагодняга чараўніка.

На час зімовых святаў вуліцы ў Верхнім горадзе стануць пешаходнымі. Інтэрактыўныя гульні, конкурсы і забаўную праграму падрыхтуюць артысты. Сярод іх, вядома, Дзед Мароз са Снягуркай.

Віталіна Рудзікава, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Мінгарвыканкама: "Паводле традыцыі галоўнай пляцоўкай стане пляцоўка каля Палаца спорту. У навагоднюю ноч тут установяць сцэну з сучасным асвятленнем. З 23.00 да 4 раніцы будзе працаваць".

Навагоднія гулянні запланаваныя ў кожным раёне горада. З 25 снежня тут разгорнецца святочны гандаль. Навагоднюю атмасферу дапоўняць музычныя калектывы. Усяго ж у Мінску агні запаляцца на 24 ёлках.