Удзельнікі віталі гасцей на імправізаваных падворках з песнямі і фірмовымі стравамі.
А спрактыкаванасць і гаспадарлівасць дэманстравалі падчас адмысловай спартакіяды - калолі дровы, выраблялі лаўкі, на хуткасць запрагалі каня. Наталля Кузьміцкая даведалася сакрэт дабрабыту.
Працавітыя і гаспадарлівыя бацькі, ветлівыя і шчырыя дзеці - менавіта такой ведаюць у Вілейскім раёне дружную сям’ю Ардзяка. Пазнаёміцца з ёй змаглі і госці абласнога конкурсу “Уладар сяла”. Гаспадары хлебасольна віталі ўсіх на сваім падворку, запрашалі да стала з хатнімі прысмакамі.
Праз дасягненні, захапленні і традыцыі кожная з 22 сем’яў прадстаўляла родны кут. Напрыклад, свой падворак сям’я Кулік з Валожынскага раёна ўпрыгожыла выцінанкамі і драўлянымі куфэркамі - у вольны час Вольга і Аляксей любяць ствараць разнастайныя прадметы інтэр’еру сваімі рукамі.
А вось сям’я Гармаза з Мінскага раёна прывезла з сабой, здаецца, усю гаспадарку, нават курасадні - і кожны, хто жадаў, мог паспрабаваць сабраць яйкі і тут жа прыгатаваць яечню.
Аднак у конкурснай праграме не толькі спевы, танцы і жартоўныя атракцыёны. За тытул “Уладара сяла” сем’ям прыйшлося сапраўды пазмагацца.
Тут адбываецца сапраўдная сельская спартакіяда.
Самымі мудрагелістымі былі заданні эстафеты. Тут усё наадварот - жонка забівала цвікі, муж прышываў гузікі.
Па выніках усіх выпрабаванняў пяць лепшых сем’яў атрымалі пуцёўку ў фінал. Ён адбудзецца 29 верасня падчас абласнога свята “Дажынкі”. Пераможца будзе прадстаўляць цэнтральны рэгіён на рэспубліканскім этапе сямейнага конкурсу “Уладар сяла”.













