21 чэрвеня ў сталіцу адправяцца дэлегаты з рэгіёнаў

20 июня 2016

21 чэрвеня ў сталіцу адправяцца дэлегаты з рэгіёнаў, па 350 чалавек - ад кожнага. Гэта прадстаўнікі органаў улады, прамысловых гігантаў і ВНУ - разам яны будуць не толькі ацэньваць праробленую ў краіне працу за мінулы перыяд, але і вызначаць асноўныя кірункі, па якіх будзе развівацца дзяржава і грамадства ў найбліжэйшую пяцігодку. Напярэдадні ад'езду нашы карэспандэнты пацікавіліся, з якімі надзеямі і думкамі едуць на самы народны форум народныя выбраннікі.

Расказвае Вольга Халадовіч.

Скончаная вучоба, здадзеныя выпускныя іспыты. Але сёння курсанты Гомельскага інстытута МНС ізноў у роднай альма-матар. Каб пагутарыць са сваёй аднакурсніцай. Вольга Мельчанка - дэлегат 5-га Усебеларускага сходу. Курсантаў хвалюе ўсё - колькі хвілін будзе ў дзяўчыны на выступленне, у якім радзе яна будзе сядзець і самае галоўнае - якія пытанні Вольга агучыць.

Селфі на памяць з дэлегатам і апошнія пажаданні. Ужо заўтра Вольга Мельчанка адправіцца ў сталіцу. Дзяўчына на падобным форуме хоць і ўпершыню, але з хваляваннем спраўляецца - бо за яе спінай усе выкладчыкі і курсанты ВНУ.

Студэнты і выкладчыкі, урачы, кіраўнікі, аграрыі - у іх розныя прафесіі, узрост. Але адна агульная мэта: вырашыць - як будзе развівацца краіна ў найбліжэйшыя пяць гадоў. І зробяць гэта дэлегаты Усебеларускага сходу разам.

Тут сабраныя ўсе сусветныя дасягненні па лячэнні маленькіх пацыентаў. Ад пераломаў - да мікрахірургіі вока. Яшчэ некалькі гадоў таму такія магчымасці былі з галіны фантастыкі, успамінае галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско. Зроблена шматлікае, але працы ва ўрачоў па-ранейшаму нямала. І, па меркаванні медыкаў, зараз асноўную ўвагу неабходна надаць прафілактыцы захворванняў.

Падвядзенне вынікаў і планы на будучыню. Генеральны дырэктар малакаперапрацоўчага прадпрыемства ў Гродне Марына Анікеева едзе на народнае веча з нядрэннымі вынікамі. Толькі за апошнія 5 гадоў у развіццё вытворчасці тут уклалі больш за 700 мільярдаў рублёў. Зараз уся прадукцыя адпавядае сусветным стандартам якасці. Асноўныя задачы сёння - развіццё экспарту і паніжэнне выдаткаў.

Наперадзе ў кожнага з дэлегатаў зборы ў дарогу і ўдзел у прыняцці важных рашэнняў, ад якіх будзе залежаць далейшае развіццё краіны. А яшчэ нефармальныя зносіны - магчымасць абмеркаваць самыя розныя пытанні і падзяліцца вопытам з прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў.