21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы

21 февраля 2023

Дзень роднай мовы сёння адзначаюць ва ўсім свеце! Для захавання культурнай і лінгвістычнай разнастайнасці гэтае свята заснавана ЮНЕСКА ў 1999 годзе. І ў гэтым сезоне адна з галоўных тэм "урачыстасці слова" - палітыка шматмоўнай адукацыі на аснове роднай, што неабходна ў сучасных рэаліях, калі колькасць жывых моў скарачаецца з сярэдняй хуткасцю - адна на два тыдні. Паводле статыстычных звестак, больш за 60 % нашых грамадзян лічаць беларускую роднай. І гэта пры тым, што мы - білінгвы, у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. На якой размаўляць - выбар кожнага, тым самым мы ўзбагачаем абедзве. Але адметнасці нам дадае менавіта лексічная традыцыя нашых продкаў - гэта код нацыі. Дзеканне, джэканне, цеканне, гэканне выдаюць нашага чалавека ў любым пункце свету. І, канечне, наша гордасць - літара "ў" (дарэчы, яе ўзнікненню мы абавязаны арабскаму алфавіту). Беларускамоўныя традыцыі падтрымлівае і наш медыяхолдынг. Так, з пяці радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі - тры вяшчаюць выключна на матчынай!

Уладзімір Трапянок, дырэктар дырэкцыі канала "Культура" Беларускага радыё:

Асноўная мова вяшчання - гэта, канечне, беларуская. І я для сябе, як кіраўнік канала, стаўлю такую задачу: мы павінны папулярызаваць вось гэты скарб нашай нацыі. Мы павінны яго падтрымліваць і перадаваць наступным пакаленням. І тут я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў нас вяшчанне вядецца для абсалютна шырокай аўдыторыі беларусаў - гэта і самыя маленькія, дашкольнікі, для якіх кожны вечар мы рыхтуем вячэрнюю казку, але выключна па-беларуску.