20 аленяў выпусцілі з вальера ў Смалявіцкім раёне

27 июня 2015

Жывёлін упершыню прывезлі сюды летась з Нацыянальнага парку "Прыпяцкі". Праектам занялося таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Увесь гэты час за парнакапытнымі сачылі і прывучалі да новай прапіскі. У першы год у загоне з'явіўся прыплод - 20 аленянятаў. Таму паўстала пытанне падарыць частцы статка вольнае жыццё. Што з гэтага атрымалася - ведае Аляксандра Штамплеўская.

У гэтым вальеры алені ўжо паўгода, але дагэтуль баяцца ўсяго, акрамя шуму трактара. Ён для іх лепш за любую музыку - значыць прыйшоў час абедаць.
Егер Уладзімір Краснагурцаў за кожны дзень працы хоць і не на «ты», але ўжо навучыўся размаўляць з высакароднымі суседзямі. Для перасяленцаў адразу стварылі ўсе ўмовы: адборны корм, саланцы і спакой. Атрымалася так удала, што вясной здарыўся сапраўдны бэмбi-бум – на свет з’явiліся 20 малых. Гэта і стала адной з прычын, чаму частку статка вырашылі выпусціць у самастойнае жыццё. На гэтым тыдні за вароты выйшлі 20 самак і адно аленяня.

Пакуль не ўсе маладыя алені ў захапленні ад новага вольнага жыцця і ў першыя дні вяртаюцца назад, да вальера. Таму нейкі час за жывёламі будуць прыглядаць, падкормліваць і ахоўваць ад незаконнага палявання.
Спецыяльна для гэтага егераў перасадзілі на мабільныя матацыклы. А каб высакародны алень не стаў мішэнню чалавека невысакароднага, інспектары прыродааховы арганізуюць сумесныя рэйды па пошуку браканьераў. Акрамя таго, і сезоннае загоннае паляванне сёлета таксама абмяжуюць.
Капыты высакародных на гэтыя ўгоддзі ступілі не проста так. З-за барацьбы з чумой свінняў дзікоў у лесе амаль не засталося. Землі пуставалі, паляўнічыя не ішлі. Так з'явілася ідэя, што Смалявіцкі край цалкам змогуць асвоіць парнакапытныя прыгажуны. Вальеры, дарэчы, будавалі за грошы паляўнічых узносаў.
Каму выходзіць, а каму застацца за варотамі ніхто загадзя не вырашае. Жывёліна сама абярэ, дзе ёй больш камфортна. Але частку пагалоўя пратрымаюць у вальеры яшчэ 2-3 гады. Бо развівацца ёсць куды – напрыклад, пераймаць вопыт суседняй Літвы. Там аленяў ужо даўно паспяхова разводзяць не толькі для сябе, але і прадаюць за мяжу.