20-ая выстава "Адпачынак-2017" адкрылася ў Мінску

5 апреля 2017

Лета ўжо зусім блізка. А значыць, настаў час выбіраць месца для водпуску. Сёння ў Мінску для гэтага былі ўсе ўмовы - тут адкрылася юбілейная - 20-ая - выстава "Адпачынак-2017". На любы густ і кашалёк гасцям прапаноўваюць і бізнес-туры, і круізныя прапановы, і новыя турыстычныя маршруты. Прычым, тур можна забраніраваць прама на месцы. Дарэчы, прэзентуюць тут і новыя беларускія маршруты. А з улікам адкрытых на пяць дзён граніц для іншаземцаў попыт на туры па Сінявокай значна вырас. Які адпачынак выбіраюць беларусы - даведалася Юлія Грызунт.

Сотні людзей сабраліся сёння ў БелЭКСПА, каб загадзя забраніраваць нумары ў гатэлях па ўсім свеце. А дзясяткі тураператараў з-за мяжы знаёмяцца з беларускімі калегамі, каб на радзіме прапанаваць падарожжа ў нашу краіну. Вядома, што пазнаёміцца з аўтэнтычнай Беларуссю і з агнямі сталіцы прыязджаюць усё больш іншаземцаў. З увядзеннем бязвізавага рэжыму ў нас пабывалі жыхары 61-ой краіны, а гэта больш як 8 тысяч гасцей.

Марка Секі, памочнік Прэзідэнта аўтаномнага рэгіёна Сардзінія (Італія): "Бязвізавы рэжым - гэта выдатная магчымасць для развіцця адносін паміж Беларуссю і іншымі краінамі. Напрыклад, замежныя турфірмы, якія прыехалі на выставу, як раз скарысталіся новай магчымасцю. Але хацелася б, каб бязвізавых дзён стала больш, у вас і праўда ёсць на што паглядзець".

Дарэчы, беларусы таксама часта выбіраюць для адпачынку менавіта сваю краіну, а што датычыцца выязнога турызму, традыцыйна, самыя папулярныя кірункі - Балгарыя, Турцыя, Грэцыя, Егіпет і Расія. Сёлета тураператары адзначаюць ажыятаж на білеты ў Іспанію. Па цэнах выбар не меншы, чым па маршрутах - злятаць на мора, напрыклад у Балгарыю, можна ад 500 рублёў на чалавека. У Іспанію - ад 700. А ў бліжэйшыя краіны можна знайсці туры за 200-300 беларускі рублёў.

Юлія Кірпічонак, начальнік аддзела рознічных продажаў турыстычнай кампаніі: "Браніраванне ў нас стартавала яшчэ з першага лістапада. Таму ўжо вельмі шмат броні, асабліва на іспанскія кірункі, балгарскія, кіпрскія".

На турыстычнай выставе знайшлося месца і стэндам нязвыклым - прадстаўнікі СМІ сёння не толькі асвятлялі мерапрыемства, але і заключалі новыя пагадненні. Новы праект прэзентаваў спадарожнікавы тэлеканал галоўнага медыяхолдынга краіны.

Аляксандр Мартыненка, дырэктар тэлеканала "Беларусь 24" Белтэлерадыёкампаніі: "Сёлета ў рамках выставы тэлеканал "Беларусь 24" разам з найбуйнейшымі тураператарамі прапаноўвае для турыстаў укладышы - дзе б вы ні знаходзіліся, у любым пункце свету, вы можаце паказаць укладыш на рэсепшэне і адміністрацыя на працягу сутак яго падключыць. І ў вас будзе магчымасць быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў вашай краіне. Акцыя пад назвай "Вазьмі Беларусь з сабой".

А можна нават вярнуцца ў мінулае. І пакуль машыну часу не вынайшлі, турфірмы прапаноўваюць незвычайны дзіцячы адпачынак - школьнікі здаюць усе гаджэты, як толькі садзяцца ў турыстычны аўтобус, падчас маршруту па Беларусі жывуць у палатках і гатуюць ежу на вогнішчы. Іншыя гатовыя правесці экскурсію па вытворчасцях свечак, мыла або шкла - дазволяць пабыць і ў ролі майстра. Усяго на выставе прапанавана каля 150 экспанентаў з 15 краін.

Аляксандр Шамко, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Сённяшні кірмаш прызначаны для таго, каб стаць добрым дзелавым форумам, пляцоўкай для развіцця і прыватнага бізнесу, і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія вядуць у гэтай сферы. Турызм - гэта, першым чынам, эканоміка".

Прама тут, у БелЭКСПА, заключаюцца дагаворы паміж кампаніямі. Такія пагадненні, магчыма, дазволяць некаторым беларусам ажыццявіць сваю экзатычную мару, прычым, гэта датычыцца як адпачынку, так і навучання за мяжой.

Выстава прадоўжыцца да 8 красавіка, 6 і 7 сюды можна трапіць да 19:00, у апошні дзень - да 16:00. Прэзентацыі новых маршрутаў размеркаваныя роўна на чатыры дні. Таму падабраць для сябе самае прыдатнае падарожжа тут зможа кожны.