2018 год стане асаблівым для беларускай касманаўтыкі

12 апреля 2018

Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Дзень касманаўтыкі. Напярэдадні свята беларускія навукоўцы не шкадуюць добрых навін. Напрыклад, тэрмін эксплуатацыі спадарожніка, які зараз на арбіце, плануюць прадоўжыць да 2021 года, а ў 2019 з'явяцца чарцяжы новага беларускага касмічнага апарата. Спадарожнік будзе абсталяваны і цалкам унікальнай оптыкай для здымак. Новыя фотаапараты дазволяць павялічыць дакладнасць кадраў - на іх можна будзе нават разгледзець людзей. Варта адзначыць, што аб перадавых тэхналогіях айчыннай вытворчасці ведаюць ва ўсім свеце. У тым ліку таму Міжнародны касмічны кангрэс сёлета пройдзе менавіта ў нашай краіне. Пра высокія тэхналогіі і касмічныя планы - рэпартаж Юліі Грызунт.

Алег Арцем’еў, касманаўт-выпрабавальнік: "Дарагія сябры, калегі, паважаныя ветэраны, віншуем вас з Днём касманаўтыкі! Для нас асаблівы гонар адзначаць гэты дзень у космасе на борце МКС".

А пачынаецца будучыня не на МКС, не з вялікіх заводаў або міжнародных кантрактаў - з аднаго погляду на неба, з дарогі ў школу, з мары ўбачыць сваю планету не на карце. Менавіта такім быў старт кар'еры і ў Алега Навіцкага.

У Алега Навіцкага ёсць традыцыя. У Дзень ведаў ён абавязкова прыязджае ў сваю школу. Тут яго заўсёды рады бачыць і настаўнікі, і школьнікі. Многія таксама мараць заваяваць космас. Але ёсць і тыя, хто ўпэўнены, што пры жаданні дасягнуць можна любых вышынь. І не толькі касмічных.

У школе захоўваюцца ўнікальныя рэчы касманаўта - камбінезон, гадзіннік, ежа, якія былі з ім у космасе.

А ў гэтым касмічным павільёне можна паглядзець і памацаць дакладную копію так званай капсулы, у якой касманаўт вярнуўся на Зямлю.

Ужо сёння спецыялісты працуюць над стварэннем новага спадарожніка. На паперы ён з'явіцца ў 2019 годзе. Спяшацца няма куды, бо тэрмін эксплуатацыі апарата, які зараз на арбіце, плануюць прадоўжыць да 2021 года. З моманту яго вывядзення на арбіту ён ні разу не сутыкнуўся з касмічным смеццем або метэарытамі. Фатаграфіі са спадарожніка дапамагаюць у працы 11 міністэрствам і ведамствам. Таксама інфармацыя з апарата ідзе на экспарт.

Дарэчы, маім калегам удалося таксама паўдзельнічаць у касмічнай адысеі. Цяжка было дамовіцца з Алегам Навіцкім, каб ён знайшоў час у шчыльным графіку і запісаў відэа для фільма Агенцтва тэленавін прама на касмічнай станцыі. І зманціраваць унікальны матэрыял аказалася зусім няпроста. На дапамогу прыйшоў беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак.

Дзякуючы ў тым ліку гэтаму фільму заяўку ад Беларусі на права правядзення касмічнага кангрэса адзначыла, у прамым сэнсе гэтага слова, высокае журы.

2018 год стане асаблівым для беларускай касманаўтыкі. Бо ўжо 9 верасня ў нас у краіне пачнецца Міжнародны касмічны кангрэс. Паводле папярэдніх звестак, на форум прыедуць больш за 150 касманаўтаў з 40 краін. І яшчэ як мінімум паўтары сотні спецыялістаў, якія спазнаюць бязмежны космас з Зямлі.