200 лепшых інспектараў прыродааховы сабраліся пад Мінскам

7 июня 2015

200 лепшых інспектараў прыродааховы сабраліся пад Мінскам, каб удасканаліць сваё майстэрства, а заадно выпрабаваць новае абсталяванне. Затрыманне, канвой, рукапашныя баі. Кожны навучальны збор - новы нечаканы сцэнарый.

Таццяна Кашпур з падрабязнасцямі.

Як рыбак ніколі не забудзе сваю самую буйную рыбу, так і інспектары памятаюць усіх адметных парушальнікаў. А на сваім вяку абаронцы флоры і фаўны пабачылі нямала.

Вось адзін з апошніх выпадкаў. У Лунінецкім раёне рыбак-браканьер спрабаваў уцячы ад прыродааховы на кані. УАЗік інспектараў хоць і хутчэйшы, але конь больш манеўраны. Так што сілы былі роўныя.

А гэта відэа ўжо з трэніроўкі. 200 лепшых прадстаўнікоў аховы прыроды сабраліся з усіх рэгіёнаў Беларусі, каб удасканаліць майстэрства, а заадно выпрабаваць новае абсталяванне.

На ўзбраенні абаронцаў флоры і фаўны - сучасны сродак прымусовага спынення транспартных сродкаў "Ліяна". На металічнай расцяжцы размешчаны завостраныя, полыя ўнутры шыпы, якія лёгка праколваюць колы, і паветра з шын выходзіць практычна адразу.

Звычайна экшн у жыцці дзяржінспектараў сустракаецца не часта. Злоўленыя з доказамі злачынства браканьеры лічаць за лепшае адразу здавацца. Але ў пагоне, стральбе і нават рукапашным баі ўдзельнічаў, напэўна, кожны вопытны абаронца прыроды.

Навучальныя зборы штораз праходзяць па новым, нечаканым сцэнарыі, бо ў жыцці мала прадказальных сітуацый. Паляўнічы апрыёры небяспечны, ён ідзе на справу са стрэльбай. І як павядзе сябе падчас панікі браканьер, прадказаць немагчыма.