200 чалавек у Гомельскай вобласці вызваленыя ад выплаты збору па Дэкрэце №3

14 февраля 2017

Каля 200 чалавек у Гомельскай вобласці вызваленыя ад выплаты збору па Дэкрэце №3 у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Гэта рашэнні працоўных груп райвыканкамаў і адміністрацый раёнаў абласнога цэнтра. Кожная заява разглядаецца індывідуальна. Сярод прычын станоўчага рашэння - складанае фінансавае становішча, а таксама наяўнасць захворванняў, вучоба, служба ва ўзброеных сілах, працяглыя пошукі працы. Ад заяўшчыка патрабуюцца пацвярджальныя дакументы.

Віталь Атаманчук, намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама:

"Бываюць такія моманты - не хапае доказнай базы, накшталт бы, і трэба пайсці на бок чалавека і яго вызваліць. Але не хапае неабходных дакументаў. І мы рашэннем нашай працоўнай групы прымаем да ўвагі - на дапрацоўку. І рэкамендуем адміністрацыям раёнаў сустрэцца з чалавекам, наведаць яго, паглядзець умовы, у якіх ён пражывае".

У рэгіёне таксама праходзяць прамыя тэлефонныя лініі, падчас якіх прадстаўнікі падатковых органаў праводзяць кансультацыі па ўсіх пытаннях новага дэкрэту. Аплаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў неабходна да 20 лютага.