1-ы рэспубліканскі форум спецыялістаў у сферы працы з моладдзю сёння адкрыўся ў Мінску

21 октября 2015

Больш за сотню адукацыйных праектаў прадставяць удзельнікі 1-га рэспубліканскага форуму спецыялістаў у сферы працы з моладдзю. Сёння ён адкрыўся ў беларускай сталіцы. Форум праходзіць у два этапы. Падчас завочнага аўтары методык прысылалі арганізатарам свае праекты. Больш як з 250 заявак эксперты выбралі самыя цікавыя. І сёння іх аўтары прэзентуюць свае ідэі калегам. На форуме паралельна будуць працаваць 5 тэматычных пляцовак. Сярод іх - Акадэмія кіравання, Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Мы сёння хацелі б падвесці нейкія вынікі: распавесці, што такое моладзь, што такое праца з моладдзю. Будзе арганізавана некалькі паралельных секцый, дзе будуць разгледжаны розныя аспекты, праблемы, перспектывы. І намецім, вядома, у далейшым планы па працы з моладдзю".

Святлана Мацвеева, начальнік аддзела Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна: "Мы сёння на форуме прадстаўляем сваю пляцоўку. У нас моладзевы студэнцкі праект "Студэнты за бяспечную кіберпрастору". Мы распавядаем пра гэта падрабязна сваім калегам, якіх гэта цікавіць".

Заўтра дэлегаты форуму наведаюць некалькі буйных мінскіх прадпрыемстваў і даведаюцца аб арганізацыі працы з маладымі супрацоўнікамі. Завершыцца праграма адкрытым дыялогам у Доме моладзі.