1-га чэрвеня стартуе новы сезон адпачынку ў аздараўленчых лагерах

23 мая 2023

Час вялікіх школьных канікулаў набліжаецца. 1-га чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, стартуе новы сезон адпачынку ў аздараўленчых лагерах. За 3 месяцы здраўніцы Мінскай вобласці гатовы прыняць больш за 60 тыс. школьнікаў.  А пакуль дарослыя  наводзяць лоск, каб дзецям было ўтульна і камфортна. Яны завяршаюць рамонт жылых карпусоў,  фарбуюць сцены і падлогу ў пакоях. Не абыдзецца ў новым сезоне без адкрыццяў. У ліпені пачне працу лагер "Зімародак" у Валожынскім раёне. Пра гатоўнасць здраўніц Мінскай вобласці да летняга адпачынку - матэрыял Аляксандры Гойтан.

Галіна Ананіч працуе ў Рудзенскім дзіцячым садку памочнікам выхавацеля. Напярэдадні першай змены жанчына з калегамі прыехала ў лагер "Лясная казка", каб дапамагчы ў падрыхтоўцы здраўніцы да летняга сезона. Сёлета прыбіраюць тэрыторыю ля сталовай і надаюць глянцу галоўнай сцэне лагера.

Штогод прадстаўнікі сферы адукацыі з Пухавіцкага раёна клапоцяцца аб добраўпарадкаванні лагера. Хтосьці адказвае за кветнікі і малыя архітэктурныя формы, іншыя фарбуюць сцены і столь. Настаўнікі, выхавацелі і тэхспецыялісты падыходзяць да такой працы творча і з душой, бо ведаюць, "Лясная казка" - любімае месца для адпачынку і аздараўлення для іх жа дзяцей і вучняў.

За тры летнія месяцы ў аздараўленчых комплексах Мінскай вобласці адпачнуць больш за 60 тыс. дзяцей. На выбар  стацыянарныя (загарадныя) лагеры і дзённыя  (школьныя).

У здраўніцах Мінскай вобласці дбаюць не толькі пра ўтульнасць і бытавы камфорт. У кожным лагеры змены прысвячаюць пэўнаму напрамку і тэме. Напрыклад, у Бярэзінскай "Папараць-кветцы" пачнуць з патрыятычнага і спартыўнага профіляў.

"Папараць-кветка" як навігатар для летняга адпачынку дзяцей існуе 30 гадоў. Першая змена сёлета пачнецца 3-га чэрвеня. Пакуль у лагеры выключна дарослыя - завяршаюць добраўпарадкаванне тэрыторыі і касметычны рамонт.

Адрамантавалі дах у сталовай і сховішча для агародніны, закупілі новыя ложкі, матрацы і пасцельную бялізну, а яшчэ неабходнае абсталяванне для кухні. Зараз завяршаюць унутранае аздабленне жылых домікаў у экастылі. Летась так аформілі два корпусы, столькі ж  сёлета.