19 мая стартуе актыўная фаза раптоўнай праверкі боегатоўнасці КСАР АДКБ

18 мая 2015

Пра гэта сёння паведамілі ў штаб-кватэры арганізацыі. Увесь асабісты склад калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (гэта амаль 20 тысяч чалавек) быў прыведзены ў вышэйшую ступень боегатоўнасці. На гэты момант падраздзяленні з Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Арменіі і Кыргызстана прыбылі да прызначанага месца ў Рэспубліцы Таджыкістан. Галоўная задача - практычная адпрацоўка мерапрыемстваў крызіснага рэагавання на ўсіх этапах: ад прыняцця рашэння да яго выканання. Выбар месца - таджыкска-афганская мяжа - звязаны з нестабільнай сітуацыяй у Афганістане.

Ад Беларусі ў праверцы ўдзельнічае ўзмоцненая рота са штатным узбраеннем і тэхнікай. За актыўнай фазай будуць назіраць кіраўніцтва АДКБ і прадстаўнікі Мінабароны краін - удзельніц арганізацыі. Вынікі раптоўнай праверкі будуць насіць закрыты характар. Іх плануецца разгледзець на пасяджэнні савета Мінабароны АДКБ, а затым далажыць кіраўнікам дзяржаў на савеце калектыўнай бяспекі.