18-ы дзень перапісу насельніцтва. Перапісчыкі з планшэтамі ў руках адправіліся па адрасах

21 октября 2019

Сёння  18-ы дзень перапісу насельніцтва. І пачаўся ён  па-асабліваму. 

Менавіта з гэтага панядзелка перапісчыкі з планшэтамі ў руках  адправіліся па адрасах. Пры гэтым нагрузка на іх зменшылася ўдвая. Усё дзякуючы працы стацыянарных участкаў і інтэрнэт-перапісу. Гэтымі метадамі ўжо скарысталася прыкладна палова беларусаў. Некаторыя раёны краіны, напрыклад, у Гомельскай вобласці, перапісаліся самастойна амаль на 90 %.  На апытанне астатніх у перапісчыкаў ёсць 9 дзён. Часу дастаткова. З якімі пытаннямі ідуць да рэспандэнтаў. І ці дайдуць да кожнага? Высвятляла Ганна Кавалёва

Сёння ў Наталлі па плане  30 адрасоў. Першы  літаральна ў суседнім доме. Гасцей тут ужо чакаюць. Хоць цяперашні перапіс даў магчымасць віртуальнай рэгістрацыі,  класічны метад для шматлікіх па-ранейшаму незаменны. 

Дарэчы, для Наталлі гэты перапіс  не дэбютны, таму ёсць што параўноўваць. Кампанія 2019, гаворыць перапісчык, больш камфортная. Планшэт адмяняе рукапісную працу, аўтаматычна выдае частку звестак па рэспандэнце,  у выніку  эканомія часу.

Перапіс у краіне рухаецца да фінішу. Сёння па ўсёй краіне па адрасах выйшлі каля 12 тысяч спецыялістаў. Дойдуць літаральна да кожнага. Асаблівая ўвага  да прыватных домаўладанняў.

Сям'я Корбан на зіму запасаецца вітамінамі з уласнага ўчастку. Зараз муж і жонка на заслужаным адпачынку. Вырошчваюць бульбу, агародніну, разводзяць курэй. Перад прыходам перапісчыкаў гаспадары не паленаваліся, падлічылі ўсе насаджэнні і жыўнасць на падворку.

Разам з гаспадарамі перапісчыка сустракае і кошка Марціна, але яе лічыць не трэба. У анкеце  пытанні аб наяўнасці сельскагаспадарчых жывёлін, птушак і вулеяў.

Наогул у паўночным рэгіёне краіны, не чакаючы перапісчыкаў, самастойна апытанне прайшлі прыкладна 50 % жыхароў. Такая ж сітуацыя і на іншым канцы краіны - у Гомельскай вобласці. 

Стацыянарныя ўчасткі будуць весці перапіс да 30 кастрычніка. Дарэчы, у краіне іх амаль 650. І перапісацца можна на любым з іх, незалежна ад месца жыхарства.

Наогул электроннае апытанне і стацыянарныя ўчасткі значна спрасцілі працу перапісчыкам. Самастойна на пытанні адказалі амаль 5 мільёнаў беларусаў. А значыць, нагрузка на перапісчыкаў зменшылася прыкладна ўдвая. 

Вольга Семенчукова, намначальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці: "Падамавы абход прадоўжыцца да 30 кастрычніка. І потым яшчэ да 5 лістапада будзе праводзіцца кантрольны абход. Г.з. выпадкова будуць выбірацца адрасы, куды перапісчык прыйдзе паўторна. Я разумею, што многія перапісваліся праз інтэрнэт альбо прыходзілі на стацыянарныя ўчасткі па розных прычынах. Тым не менш, хочацца, каб людзі з разуменнем да гэтага аднесліся для таго, каб прызналі вынікі перапісу, гэты кантрольны абход неабходны".

Дарэчы, перапіс адкрые ўсю дэмаграфічную раскладку па краіне. Дасць разуменне, як размешчаны працоўныя рэсурсы, якое фактычна беспрацоўе і многае іншае. У будучыні гэтая інфармацыя ляжа ў аснову сацыяльна-эканамічных арыенціраў развіцця краіны.