18 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік

15 апреля 2015

Заробленыя сродкі плануецца накіраваць на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх нованароджаных і завяршэнне будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Гэта рашэнне афіцыйна замацавана ў пратаколе пасяджэння рабочай групы, якую ўзначальвае віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Сёлета - у год 70-годдзя Вялікай Перамогі - адмысловая ўвага помнікам і мемарыялам Вялікай Айчыннай. Тое, што для Беларусі суботнік - гэта ўжо добрая традыцыя, гавораць лічбы. Толькі летась навесці парадак у гарадах, на вуліцах і ў сваіх дварах выйшлі больш за 3 мільёны беларусаў. Увогуле казна папоўнілася на 62 мільярды рублёў. Грошы вызначылі на ўзвядзенне цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі на базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. А вось якая задача стаіць сёлета? З падрабязнасцямі Паліна Іванча.

Дарослы ў сярэднім робіць 12-16 удыхаў за хвіліну. Немаўля ж дыхае ў чатыры разы часцей. Ёсць выпадкі, калі лёгкія нованароджанага неабходна напаўняць кіслародам, зразумела, штучна звыш 600 разоў за 60 секунд.

Аксана Свірская, загадчыца аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей) РНПЦ "Маці і дзіця": "Бываюць цяжкія прыроджаныя пнеўманіі, прыроджаныя парокі развіцця, як прыроджаная дыяфрагмальная грыжа. Прынцып дзеяння гэтага апарата - падтрымліваць лёгкія ўвесь час у распраўленым, паветраным стане, каб лёгкія не спадаліся і паталогія ў дзіцяці не прагрэсіравала. І затым дзеці транспартуюцца ў РНПЦ дзіцячай хірургіі для аператыўнага лячэння".

Гэта абсталяванне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Маці і дзіця" называюць апаратамі выратавання. З дапамогай іх свае першыя ў жыцці ўдыхі робяць таксама нованароджаныя, якія з'явіліся на свет з экстрэмальна малой вагой.

Зараз у РНПЦ "Маці і дзіця" працуе 17 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. У тым ліку дзякуючы ім кожны год дактарам цэнтра ўдаецца выратаваць больш за 700 немаўлят, якія нараджаюцца на 3, а то і на 4 месяцы раней за тэрмін. Самыя маленькія з іх важаць усяго 460-480 грамаў.

Прыборы штучнай вентыляцыі лёгкіх нованароджаных неабходна замяняць новымі ў сярэднім кожныя пяць гадоў. Менавіта на гэтыя патрэбы па рашэнні Савета Міністраў выдаткуюць частку грошай, заробленых у дзень працоўнага суботніка. Новае абсталяванне з'явіцца не толькі ў Мінску.

Зарабляць падчас цяперашняга суботніка будуць і на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Ідэя яго стварэння з'явілася яшчэ ў 2012 і сёння прыкладна палова будаўнічых работ выканана.

Сяргей Клішэвіч, другі сакратар ЦК БРСМ: "Гэты цэнтр з'яўляецца маладзёжнай абласной будоўляй. Там сёння будуць працаваць нашы студэнцкія атрады. Усё лета яны там будуць працаваць. Безумоўна, на суботніку там будзе праходзіць маладзёжны форум Расіі і Беларусі. Прыедуць студэнцкія атрады з Расійскай Федэрацыі, з нашымі студэнцкімі атрадамі сумесна будуць дапамагаць у будаўніцтве дадзенага цэнтра".

Патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці стане базай не толькі для мясцовага філіяла Саюза моладзі. У ім размесцяцца пошукавыя атрады і ваенна-гістарычныя клубы. Цэнтр таксама стане пляцоўкай для піянерскіх злётаў і міжнародных маладзёжных форумаў. Ужо ў найбліжэйшую суботу, 18 красавіка, у кожнага беларуса з'явіцца магчымасць праз нейкі час сказаць - я таксама прыняў удзел у гэтым праекце.