1800 зняволеных у Беларусі трапілі пад амністыю сёлета

30 ноября 2015

1800 зняволеных у Беларусі трапілі пад амністыю сёлета - дакладную лічбу сёння назвалі ў Дэпартаменце выканання пакарання МУС. Амністыя, прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбылася. З месцаў пазбаўлення волі вызваленыя больш як 1800 чалавек, на год скарочаны тэрмін пакарання больш чым дзвюм тысячам зняволеным. З папраўчых устаноў адкрытага тыпу вызваленыя амаль 700 чалавек, столькі ж зняволеных атрымалі магчымасць выйсці на волю на год раней.

Жана Батурыцкая, начальнік упраўлення Дэпартамента па выкананні пакаранняў МУС Беларусі: "Закон аб амністыі закрануў асоб, якія, як правіла, упершыню асуджаныя, якія ўчыніліі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія, якія станоўча характарызаваліся і цалкам пакрылі шкоду, прычыненую злачынствамі".

Агульная сума пакрыцця шкоды склала амаль 16 мільярдаў рублёў. Пацярпелыя атрымалі больш як 3 мільярды рублёў.