174 гімназія Мінска прымае міжнародную маладзёжную канферэнцыю

3 мая 2019

Сувязь пакаленняў і памяць пра герояў вайны. 174 гімназія Мінска сёння прымае міжнародную маладзёжную канферэнцыю. Прадэманстраваць навукова-даследчыя і творчыя праекты ў нашу сталіцу прыехалі навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сярод асноўных тэм  - "Баявыя дзеянні на франтах", "Антыфашысцкае супраціўленне" і "Міжнародныя адносіны ў гады вайны".

Ян Курстак, вучань СШ № 3 г. Гродна: "Другі год мы вывучаем тэму лагераў для ваеннапалонных. Мы працавалі на тэрыторыі Гродна, сёлета на тэрыторыі Мінска. Мы былі ў гэтых лагерах, рабілі фатаграфіі на месцах пахаванняў. Каб паказаць гэта ўсім, другі год мы робім вось такія постары, якія паказваюць усю нашу даследчую працу".

Марына Вайцянкова, дырэктар гімназіі № 174 г. Мінска: "Гэта вельмі кранальна, калі вышэйшыя месцы займаюць дзеці з глыбінкі, таму што мы разумеем, што іх даследчая праца вельмі глыбокая, гэта каласальная праца, яна патрабуе не аднаго толькі доступу ў Інтэрнэт. І гэта праца даследчая, якая завязаная на карпатлівай працы на мясцовасці, зносінах, вывучэнні музейных фактаў, вывучэнні літаратуры, звестак ад аднавяскоўцаў і гараджан".

Надзея Вялікая, намеснік начальніка аддзела камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама: "Гэта вельмі важна не толькі для дзяцей, але і для ўсіх пакаленняў, для нас з вамі. А для дзяцей асабліва. Чаму? Таму што яны працяг гісторыі. І яны абавязаны ведаць традыцыі свайго народа і ў цэлым гісторыю Вялікай Перамогі".

Мінск прымае канферэнцыю  12 раз. Традыцыйна у форуме бяруць удзел школьнікі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска. Сёлета ўпершыню далучылася дэлегацыя з Валгаграда.

Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі: "Форум носіць міжнародны характар. Да нас прыязджаюць дзеці з Расіі і  іншых краін. Яны бачаць, наколькі важна і значна для нас захаванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таму што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне для нашага народа і для нашай дзяржаўнасці мае вялізнае значэнне".

Лепшыя работы ўдзельнікаў журы адзначыць дыпломамі і падзякамі.