16-ы тыдзень беларускай кухні стартаваў у сталіцы

13 февраля 2018

Смачна есці! 16-ы тыдзень беларускай кухні стартаваў у сталіцы. Гэтым разам у Мінску гатуюць 90 кафэ і рэстаранаў. Канцэпцыя гастрафестывалю нязменная: аднолькавая рэцэптура і кошт для ўсіх удзельнікаў. А вось меню заўсёды новае. Зараз прапаноўваюць сэт з пяці страў. Тыдзень нацыянальнай кухні супаў з Масленіцай, таму на дэсерт, вядома ж, бліны.

Падрабязнае меню - у Наталлі Кузьміцкай. На кухні шэфа Кірыла Фёдарава смажацца свіныя рэбры, гусцее духмяная гарбузовая поліўка – у спецыяльным меню стравы беларускай кухні ад галоўнага кухмайстра гэтага рэстарана. Менавіта ён - аўтар меню гэтага тыдня беларускай кухні.

Тыдзень беларускай кухні стаў ужо традыцыйным, ён праходзіць у сталіцы 16-ы раз. І калі на старце кулінарнага праекта ў ім удзельнічалі ўсяго дзесяць кафэ, то зараз тэму нацыянальнай кухні падтрымалі 90 аб'ектаў харчавання.

Самыя смачныя рэцэпты за ўсю гісторыю існавання гэтага гастрапраекта вырашана аб'яднаць у кулінарную кнігу. Магчыма, яна будзе складзена да 20-га, юбілейнага тыдня беларускай кухні.

Чарговы фестываль беларускай кухні ўдала супаў з Сырным тыднем. Якая ж Масленіца без бліноў. У меню трапілі вось такія пышныя аладкі з тварожна-мятным крэмам і клубнічным соусам. Выглядае вельмі апетытна.

Акрамя таго ў меню трапілі поліўка з гарбузом і птушкай, зразы з пюрэ і грыбамі ў смятане, свіныя рэбры ў глазуры з квасу і не толькі. Ва ўсіх кафэ і рэстаранах, дзе маецца спецыяльнае меню, кошт страў аднолькавы.