16 ліпеня 1944-га ў Мінску на полі былога іпадрома адбыўся партызанскі парад

16 июля 2019

Роўна 75 гадоў таму - 16 ліпеня 1944-га - у Мінску на полі былога іпадрома ў канцы Чырвонаармейскай вуліцы адбыўся ўнікальны парад. Практычна ён не меў аналагаў у сусветнай гісторыі. Ва ўрачыстым страі крочылі больш за 30 тысяч чалавек. Партызаны не проста прыбылі ў вызваленую сталіцу - па дарозе яны вялі зачыстку нямецкіх войскаў, якія яшчэ засталіся на тэрыторыі нашай краіны. З удзельнікамі таго маштабнага шэсця сустрэлася Наталля Бардзілоўская.

Чорна-белая хроніка на часы захавала гэты дзень. 30 тысяч чалавек - удзельнікі партызанскага парада ў вызваленым Мінску 1944-га. Людзі рознага ўзросту і з рознай зброяй. Вітаць абаронцаў Радзімы сабраліся 50 тысяч мірных жыхароў, ваеннае кіраўніцтва - у прыватнасці, афіцэры 3-га Беларускага фронту на чале з генералам Чарняхоўскім - на імправізаваных трыбунах.

Пляцоўка парада - іпадром. Напярэдадні сапёры кантрольна размініравалі ўчастак. 30 партызанскіх калон. У кожнай - свой сцяг. 

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай цяпер ужо як рарытэт - палотнішча брыгады "Буравеснік" - яго распісваў мастак студыі Грэкава. У экспазіцыі - адзенне і асабістыя рэчы ўдзельнікаў парада. 

Адкрывалі ж яго "Народныя мсціўцы" - следам за камандзірамі брыгады імя Варанянскага роўна, без усялякага ланцужка, ішоў казёл Малыш.

Удзельнікам трыумфальнай падзеі быў і Яўген Зайцаў. Народны мастак БССР прыйшоў на парад з алоўкам і аркушамі паперы. Кожны момант святочнага шэсця, кожнага яго ўдзельніка ён фіксаваў у малюнках. Накіды майстра сталі асновай яго масштабнага палатна, якое Зайцаў канчаткова прадэманстраваў у 1947 годзе.

Сёння як сведка падзей - гэтая карціна з выявамі канкрэтных людзей. Пасля парада многія з іх пойдуць на фронт і працягнуць баі супраць гітлераўцаў. 

З таго парада пачынаецца і гісторыя музея Вялікай Айчыннай вайны: сярод партызан была група стваральнікаў першай музейнай экспазіцыі. І ў сучасным будынку асобная зала прысвечана лясным фарміраванням і яго героям. 

За гады Вялікай Айчыннай партызанамі Беларусі было пушчана пад адхон 12 тысяч варожых эшалонаў, разгромлена тысяча нямецкіх гарнізонаў, узарвана больш за пяць тысяч мастоў. Але партызанскі ўклад не ацаніць ў лічбах. Як і многіх вызваленцаў не ўбачыць у тым парадзе. Пакуль ля Свіслачы ладзілі парад, войскі 3-га і 2-га Беларускіх франтоў штурмавалі Гродна, развівалі наступленне на Слонім і Пінск.