Мінская вобласць ганарыцца сваімі педагогамі

1 октября 2016

На гэтым тыдні ў школах, гімназіях і каледжах сваіх настаўнікаў павіншавалі і тыя, аб кім педагогі клапоцяцца штодня. 160 педагогаў Цэнтральнага рэгіёна за бездакорную працу адзначаны на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Аляксандра Драгун пабывала на ўрачыстасцях.

Фотамайстэрня ў стылі рэтра, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы, фэшн-паказы з нацыянальным каларытам і ўшанаванне лепшых педагогаў. Сёлета Вілейка святкуе разам з настаўнікамі Мінскай вобласці. А гэта амаль 30 тысяч педагогаў, якія штодня клапоцяцца аб адукаванасці і выхаванні маладога пакалення. За самаадданую і ўзорную працу на абласным свяце 49 настаўнікаў удастоеныя асабістых узнагарод.

У спісе і Валянціна Камінская – настаўнік-дэфектолаг з Вілейкі. Амаль трыццаць гадоў у гімназіі нумар № 2 яна дапамагае вучням развіваць дробную маторыку, пазбавіцца моўных парушэнняў, каб правільна чытаць і пісаць. Такая далікатная апека асабліва патрэбная для самых маленькіх вучняў - учарашніх дашкалят.

У арсенале Валянціны Камінскай дзясяткі інтэрактыўных і камп'ютарных праграм, дыхальных і артыкуляцыйных практыкаванняў. Камусьці дастаткова некалькіх візітаў да настаўніка-дэфектолага, каб, напрыклад, выправіць маўленне і паставіць той ці іншы гук, а некаторым патрэбна паўгода.

Напярэдадні Дня настаўніка, які па традыцыі святкуюць у першую нядзелю кастрычніка, педагогаў за самаадданую працу адзначылі дыпломамі і граматамі як на раённым, так і рэспубліканскім ўзроўнях. Сёлета гэта 160 чалавек з Мінскай вобласці, якія працуюць у сферы адукацыі.

Мінская вобласць сёння ганарыцца сваімі педагогамі. У гімназіях і школах працуюць 150 выдатнікаў адукацыі, больш за 60 настаўнікаў маюць дзяржаўныя ўзнагароды. Штогод папаўняюцца рады педагогаў з ганаровым званнем «Чалавек года Міншчыны».

Тут у кожнага настаўніка свая трапяткая і дарагая сэрцу гісторыя працоўнага шляху. Хтосьці стаў прадаўжальнікам педагагічнай дынастыі, хтосьці, натхнёны сваім настаўнікам, пайшоў па яго слядах, а іншыя, змяніўшы першую адукацыю на педагагічную, знайшлі сябе ў выхаванні і навучанні дзяцей і сталі для іх праваднікамі ў свет ведаў.