11 гандлёвых цэнтраў узвядуць у сталіцы за найбліжэйшыя гады

3 июня 2015

Сярод іх з’явяцца і аб’екты, самыя вялікія па плошчы ў Мінску. У мэрыі заяўляюць, што на гэтым "эпоха гіпермаркетаў" скончыцца. Месца ў горадзе для такога фармату ўжо няма. У якім напрамку сёння развіваецца гандаль у сталіцы і як зрабіць шопінг аптымальным? Аляксей Кандраценка больш падрабязна.

Сталічная вуліца Прытыцкага апошнім часам трымае статус адной з галоўных гандлёвых пляцовак. Да некалькіх новых гіпермаркетаў і молаў ужо восенню далучыцца і сапраўдны гігант - гандлёвы цэнтр на выездзе з горада. Тут жа з'явіцца і зялёны супермаркет - на выбар максімум экалагічна чыстых прадуктаў.

Ніна Емяльянава, начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама: "У Мінску будуць прадстаўлены ўсе сусветныя брэнды. Акрамя таго, развіваюцца і фірменныя магазіны беларускіх вытворцаў. Зараз працягваецца і заканчваецца будаўніцтва 10-11 гіпермаркетаў, і больш зямельныя ўчасткі пад іх будаўніцтва выдзяляцца не будуць".

Свабодную нішу зоймуць невялікія магазіны ў кожным раёне, дзе можна будзе купіць неабходны мінімум.

За эпохай гіпермаркетаў вернецца час магазінаў фармату "ля дома", упэўненыя эксперты. З ростам будаўніцтва жылля ў сталічных мікрараёнах для многіх мінчан больш актуальныя гандлёвыя аб'екты крокавай даступнасці.

Такіх за найбліжэйшыя пяць гадоў з’явіцца больш за 420. Зрэшты, многіх мінчан радуе іншае - вялікі выбар.

З пачатку лета павялічваецца попыт і на свежую гародніну, садавіну і ягады. Сельгаспрадукцыя даступная на пятнаццаці рынках.

Ніна Емяльянава, начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама: "Сёлета з 1 чэрвеня мы заключылі пагадненні з гэтымі пятнаццацю рынкамі аб выдзяленні на бясплатнай аснове пенсіянерам і інвалідам месцаў для продажу сваёй прадукцыі".

Дарэчы, у перспектыве ў сталіцы могуць з'явіцца і легальныя міні-рынкі побач з магазінамі і ля выхадаў з метро. Такі праект разглядаюць у мэрыі. Міні-рынкі павінны цалкам замяніць несанкцыянаваны гандаль. Такім чынам, сезонную прадукцыю можна будзе купіць не проста цывілізавана, але і без рызыкі для здароўя.