11 прэм'ер рыхтуе да запуску Першы канал Беларускага радыё

1 октября 2014

Такія змяненні ў сетцы вяшчання невыпадковыя. Сёння новы радыёсезон можна афіцыйна лічыць адкрытым.


На першых эфірах у абноўленым фармаце пабывала наш карэспандэнт Паліна Іванча.


Гэтая драматычная араторыя Анегера Жана д'Арк на вогнішчы, выкананая хорам і аркестрам у Галандыі, загучала ў беларускім радыёэфіры сёння роўна ў 2 гадзіны ночы. Невыпадкова. Менавіта такім чынам Першы канал вырашыў адкрыць новы вяшчальны сезон.


Віктар Кісцень, аўтар і вядучы праграмы Накцюрны. Лепшыя канцэрты з усяго свету: У новым вяшчальным сезоне Першы нацыянальны канал радыё прапануе меламанам трансляцыі жывых выступленняў з усёй планеты. Кожную ноч з 2 гадзін будуць гучаць тыя ці іншыя канцэрты ў эфіры. Можна будзе заплюшчыць вочы і проста ўявіць сябе нібыта ў канцэртнай зале.


А вось уявіць сябе на рынгу можна будзе ў эфіры новага інтэлект-шоу Эрудыт. Гэта своеасаблівы мікс Разумнікаў і разумніц, Што? Дзе? Калі? і Адгадай мелодыю. У радыёпаядынках сыдуцца студэнты з розных універсітэтаў краіны.


Вера Канецкая, вядучая праграмы Эрудыт. Інтэлект-шоу: Мы думаем нават рабіць радыёмосты, ёсць такая выдатная ў нас форма. Гэта значыць мы плануем рабіць праграмы, якія маглі б аб'яднаць студэнтаў тут, у студыі беларускага радыё, і студэнтаў з Масквы, Казахстана.


Да мазгавога штурму можна будзе далучыцца ўжо ў гэту суботу ў 11:30. А пачнецца раніца з яшчэ аднаго новага, але ўжо аграрнага праекта Свая зямля.


Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: Гэта будзе перадача ў выглядзе нарысаў. Мы будзем абавязкова выязджаць у розныя мястэчкі, у розныя гаспадаркі для таго, каб сустрэцца з тымі людзьмі, хто працуе на зямлі. Канешне, у першых выпусках нашай перадачы яе галоўнымі героямі будуць пераможцы абласных Дажынак, якія як раз у гэтыя дні завяршаюцца ў нашай краіне.


Усяго сетка вяшчання Беларускага радыё ў новым сезоне папоўніцца 11 прэм'ерамі. Самыя рэйтынгавыя праекты, па шматлікіх просьбах, атрымаюць бонусны час. У першую чаргу, гэта праграма Сустрэча з Песняй. Зараз яна будзе выходзіць кожны дзень у 11:40. Дарэчы, калі палічыць усе лісты з просьбамі завесці ў эфіры тую або кампазіцыю, якія прыходзяць ад радыёслухачоў штодня, то ўжо сёння заявак хопіць на паўгода наперад.


У кожную нядзелю ў эфіры новага праекта Спорт-тайм можна будзе сустрэцца з легендарнымі беларускімі спартсменамі. Ужо ў першых выпусках Міхаіл Грабоўскі і Максім Мірны. Акрамя вядомых імёнаў, Спорт-тайм назаве таксама імёны тых, хто яшчэ толькі пачынае спартыўную кар'еру.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя