11 сакавіка ў метрапалітэне правядуць талоннае даследаванне пасажырапатокаў

9 марта 2015

Усіх наведвальнікаў сталічнай падземкі пералічаць. Адзінаццатага сакавіка ў метрапалітэне правядуць талоннае даследаванне пасажырапатокаў. Падобны эксперымент праводзіцца з мэтай удасканалення графіка руху цягнікоў, вызначэння сярэдняй далёкасці паездкі пасажыраў, інтэнсіўнасці пасажырапатокаў на ўсіх участках ліній метрапалітэна. Таксама ў задачах - даследаванне колькасці пасажыраў, якія карыстаюцца перасадачны вузлом "Кастрычніцкая" - "Купалаўская".

Як будуць лічыць пасажыраў, раскажа Аляксандр Харавец. Каля месяца ў сталічнай падземцы чатыры разы за гадзіну гучыць інфармацыя пра тое, што адзінаццатага сакавіка пасажыраў чакае перапіс. Дакладней, талоннае даследаванне.

Кожнага пасажыра пры ўваходзе на станцыю сустрэнуць супрацоўнікі падземкі і выдадуць яму спецыяльны рэгістрацыйны талон чырвонага або сіняга колеру ў залежнасці ад веткі, на якой пасажыр трапляе ў падземку. На ім пазначаны нумар станцыі і нумар квітка. Пры выхадзе талончык трэба будзе здаць.

Зараз рэгістрацыйныя талоны знаходзяцца ў касах метрапалітэна. 11 сакавіка ў 5 гадзін раніцы іх выдадуць супрацоўнікам падземкі, якія і будуць сустракаць пасажыраў на ўваходах у метро. Усяго ж падрыхтавалі адзін мільён дзвесце тысяч такіх талонаў.

Больш за паўтары тысячы спецыялістаў будуць удзельнічаць у перапісе пасажыраў. Калі наведвальнікі падземкі згубяць квіток, супрацоўнікі метро вусна запытаюць у іх, на якой станцыі яны садзіліся.

Апошні раз талоннае даследаванне пасажырапатокаў праводзілася 12 гадоў таму. Паводле слоў спецыялістаў, такі эксперымент ніяк не адаб’ецца на руху электрычак, і пасажыры не адчуюць змен у працы метрапалітэна.

Завершыцца ж талоннае даследаванне пасажырапатокаў пасля выхаду з падземкі апошняга наведвальніка ўжо 12 сакавіка. Першыя вынікі эксперымента падвядуць праз два месяцы.