10-я гарадская бальніца Мінска прайшла маштабную мадэрнізацыю

4 февраля 2016

Тысячы аперацый за год, абсталяванне экспертнага класа і пяць рэспубліканскіх цэнтраў у адной клініцы. Апошнія дасягненні медыцыны паспяхова прымяняюць у 10-й гарадской бальніцы Мінска. Клініка прайшла маштабную мадэрнізацыю, і цяпер тут праводзяць складаныя, а часам і адзіныя ў краіне аперацыі. Надзея Сербіненка - аб перадавых інавацыях медыцыны, даступных кожнаму.

Афтальмалогія - той профіль, які найбольш паспяхова развіваецца ў 10-й гарадской клінічнай бальніцы і дзякуючы якому клініка атрымала статус Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра. Штогод тут паляпшаюць зрок больш за тысячу пацыентаў, выконваюць поўны спектр лазерных аперацый па найноўшай методыцы.

У клініцы знаходзіцца адзіны ў краіне фемтасекундны лазер. Ён зводзіць рызыкі пасляаперацыйных траўм да мінімальнага значэння і дазваляе чалавеку бачыць на "адзінку" ўжо на наступны дзень пасля аперацыі.

Ігар Забароўскі, загадчык аддзялення лазернай мікрахірургіі вока 10-й клінічнай бальніцы г. Мінска: "За апошнія два гады 10-я бальніца прайшла маштабную мадэрнізацыю. Цалкам аднавілі і аперацыйна-хірургічны блок. Зараз тут праводзяць найскладанейшыя аперацыі на органах грудной клеткі, лёгкіх, дыяфрагме. У аперацыйных дзейнічае сістэма ламінарных патокаў паветра - яны прадухіляюць развіццё мікраарганізмаў".

Дыягнаставаць захворванне брушной поласці на ранняй стадыі могуць урачы эндаскапічнага аддзялення 10-й бальніцы. Камера высокай якасці дазваляе выявіць нават дробныя адхіленні. Такіх апаратаў у краіне усяго тры.

Дзясятая клінічная бальніца - адзін з найбуйнейшых медыцынскіх цэнтраў у краіне. Штогод тут праводзяць каля 17 тысяч аперацый, і гэтая лічба пастаянна павялічваецца.

Толькі летась лячэнне ў 10-й клініцы прайшлі 36 тысяч чалавек, з іх пятая частка - жыхары іншых абласцей і пацыенты з-за мяжы. З кожным годам усё больш грамадзян іншых краін даручаюць мінскім урачам не толькі здароўе, але і жыццё.