10 тысяч навучэнцаў Мінскай вобласці на гэтым тыдні адпачнуць у дзённых лагерах

27 марта 2019

Для дзяцей установы адукацыі падрыхтавалі разнастайную праграму - квесты, спартакіяды, вандроўкі і спаборніцтвы. Падчас канікулаў ратавальнікі і супрацоўнікі ДАІ арганізоўваюць у школах займальныя віктарыны па бяспецы. Дзень у школьным лагеры правяла і Наталля Кезік.

У пагоні за ўдалым кадрам час ляціць імгненна. Сёння ў ракурсе фотапалявання для вучняў Барсукоўскай сярэдняй школы - першыя парасткі травы, пупышкі на дрэвах і першацветы. Час  неабмежаваны. Адзіная ўмова творчага пленэру – у аб'ектыў павінны трапіць толькі прыродныя кадры. Зрабіць сэлфі альбо сфатаграфавацца з сябрамі школьнікі паспелі на спартландыі. 

Лагер у Барсукоўскай сярэдняй школе наведваюць без выключэння ўсе вучні пачатковых класаў - 25 чалавек. У праграме - кіналекторыі, сустрэчы з ратавальнікамі, віктарыны. У кожным класе штодзень працуюць творчыя майстэрні. 

Бяспечны квест на імправізаванай праезнай частцы сёння прайшлі вучні першай Смалявіцкай школы. Святлафоры і машыны тут дзіцячыя. А вось сітуацыі на дарозе  рэальныя. Пасля дарожнага квесту  віктарына ў рэсурсным цэнтры, затым падрыхтоўка да тэатральнага фестывалю. 

Школьныя дзённыя лагеры найбольш папулярныя сярод вучняў пачатковай школы. У раскладзе не толькі цікавыя мерапрыемствы, але абавязкова харчаванне і нават дзённы адпачынак. 

Толькі ў Смалявіцкім раёне школьны лагер наведваюць больш за 300 вучняў. У Мінскай вобласці - амаль 10 тысяч дзяцей. І пакуль канікулы ў самым разгары, у школьнікаў яшчэ ёсць час назапасіць пазітыўныя эмоцыі на новую чвэрць.