10 тон журавін назапасілі ў Мінскай вобласці з пачатку сезона

18 сентября 2019

10 тон журавін ужо назапасілі ў Мінскай вобласці. За мінулы сезон пункты прыёму ўраджаю атрымалі 40 тон карыснай ягады. Сёлета плануюць не менш, ураджай на балотах добры. Ягады буйныя і іх шмат. 

Сезон збору журавін стартаваў у пачатку верасня і працягнецца да моцных маразоў. Па ягады ў балоцістыя мясціны Вілейскага раёна адправілася Наталля Кезік

Святлана Горыніна не прапусціла ніводнага ягаднага сезона. Збіраць ураджай пачынае ў чэрвені - чарніцы і суніцы. Бліжэй да восені - брусніцы і журавіны. Але апошнія  найбольш любімыя ягады. Захоўваць на зіму лёгка. Журавіны гаспадыня замарожвае альбо ўвогуле пакідае ў вадзе.

Сезон збору журавін стартаваў 2 верасня. І вось ужо два тыдні балоты не пустуюць. А дабрацца да купін з чырвонымі ягадамі часам вельмі складана. 

У Мінскай вобласці балоцістых мясцін, дзе можна назбіраць журавін, не так шмат. Ягаднік, акрамя Вілейскага, есць у Пухавіцкім і Старадарожскім раёнах. Яго плошча займае ўсяго 3 % ад лясных гектараў.

За кілаграм ягад сёлета прапануюць 3 рублі. Назапашаныя журавіны рэалізуюць у магазінах і на сезонных кірмашах. Беларускія ягады таксама падвяргаюць шокавай замарозцы,  частку адпраўляюць на экспарт спажыўцам з суседняй Расіі.

 Збіраць журавіны на балотах можна і камбайнамі, якія маюць сертыфікацыю. Яны не пашкодзяць кусты з ягадамі. Сезон збору залежыць ад надвор’я. Але спецыялісты запэўніваюць, што журавіны, якія зачырванелі на кустах у марозныя ночы, найбольш карысныя.