10 новых атэляў адкрыюць у сталіцы да канца года

27 мая 2013

Гэта сёння паведамілі падчас аператыўнага пасяджэння ў мэрыі. А каб паспець давесці ўсе будоўлі ў тэрмін,  з першага дня лета дапамагаць будуць і студэнты з будатрадаў – усяго амаль 5 тысяч чалавек.


Антаніна Станкевіч прадоўжыць.

Ад хостэлаў да 5-зоркавых варыянтаў. Толькі да канца года ў Мінску адкрыюцца яшчэ 10 новых атэляў. Усяго ж у стадыі распрацоўкі 32 інвестпраекты. Пры такім раскладзе кожны турыст зможа знайсці начлег па гусце і кашальку. Пераначаваць у Мінску можна будзе як зусім бюджэтна - ноч у хостэле стартуе ад 87 тысяч беларускіх рублеў, так і з шыкам – да трох мільёнаў каштуе звычайны аднамесны пакой ў  Прэзідэнт-атэлі, які нядаўна адкрыўся. Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі цэны, у адрозненне ад колькасці турыстаў,  расці не будуць.

Каб паспець дабудаваць усе ў тэрмін, на дапамогу выйдуць і студэнты. Так званыя будатрады папрацуюць не толькі на будаўніцтве гасцініц, але і іншых важных аб'ектах: Чыжоўка-Арэне, аквапарку і шматузроўневых развязках. Аплату працы ў будатрадах абяцаюць даволі высокую. Не менш за 4 мільёны рублёў можа атрымаць сярэдні студэнт. Але самым старанным не пашкадуюць і суму ўдвая большую. Галоўны прынцып аплаты ў будатрадах: чым больш зробіш - тым больш заробіш.